БХД запрашае ўзяць удзел у святкаванні 20-й гадавіны аднаўлення незалежнасці Беларусі
Аргкамітэт па святкаванні 20-й гадавіны надання дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі сілы канстытуцыйнага закону запрашае ўзяць удзел у святочных мерапрыемствах, якія пройдуць 25 жніўня. У Аргкамітэт уваходзяць Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Партыя БНФ, Рух “За Свабоду”, Малады Фронт, грамадзянская ініцыятыва “Разам”, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя (Грамада).
У прыватнасці, 25 жніўня а 18.30 на Ўсходніх могілках Менска адбудзецца урачыстае ўскладанне кветак да магіл людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак у аднаўленне незалежнасці Бларусі: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ігара Герменчука, Генадзя Карпенкі. Заклікаем усіх далучыцца да ўскладання кветак.
Таксама а 17-й гадзіне па адрасе Менск, вул. Крапоткіна 93А, паверх 4, пакой 16 адбудзецца выстава мастацкіх твораў на тэму незалежнасці.
Апроч таго, Аргкамітэт абвяшчае літаратурны конкурс маладых творцаў на тэму незалежнасці. У ім змогуць узяць удзел людзі, якія нарадзіліся ўжо ў незалежнай Беларусі (пачынаючы ад 25 жніўня 1991 года). У склад журы, якое адбярэ найлепшыя паэтычныя і празаічныя творы, увойдуць Уладзімір Арлоў, Галіна Каржанеўская, Міхась Скобла.