23 жніўня ў Курапатах і Катыні маліліся за ахвяраў таталітарных рэжымаў (Фота)
23 жніўня, у агульнаеўрапейскі Дзень памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў ва ўрочышчы Курапаты ў Менску прайшла памінальная малітва па ахвярах таталітарызму. Паніхіду служыў айцец Аляксандр Шрамко з менскага прыходу ў мікрараёне Сухарава. У малітве ўзялі ўдзел і сябры БХД.
У казані айцец Аляксандр падкрэсьліў, што гэтая малітва актуальная цяпер, бо дух таталітарызму яшчэ не сыйшоў з нашай краіны, а паводле Евангелля дух ліхі выганяецца толькі малітвай і пастом. Таму айцец Аляксандр прапанаваў зрабіць гэтыя малітвы ў Курапатах рэгулярнымі, прапанаваўшы зьбірацца тут на паніхіду кожную апошнюю суботу месяца. Наступная супольная малітва ў Курапатах мяркуецца ў канцы верасьня.
Пасьля паніхіды навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны “Курапаты” Мая Тодараўна Кляшторная, кіраўнік хрысьціяснкай злучнасьці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч і каардынатар кампаніі БХД “Пакаяньне” Валерыя Чарнаморцава правялі для маладых ўдзельнікаў малітвы невялічкую экскурсію і распавялі пра праблемы аховы Курапатаў.
Таксама ў аўторак адбылася традыцыйнага пілігрымка з Менску ў Катынь, каб ушанаваць памяць беларусаў ды ўсіх людзей, расстраляных там энкавэдзістамі ў 1940 годзе і за ўвесь час сталінскіх рэпрэсіяў. У паездцы, якая ў гэтым годзе ладзілася ўжо ў трэці раз, таксама ўдзельнічалі сябры аргкамітэту БХД. Беларускія пілігрымы ўсклалі да магілаў мемарыяльнага комплексу вянкі, сьвечкі і кветкі ды правялі ў Катынскім лесе памінальную малітву. Паводле сцверджання гісторыка Ігара Кузьняцова, у Катыні з больш чым 4,5 тысячаў забітых афіцэраў Польскай арміі было 1560 ураджэнцаў Беларусі.
Нагадаем, у Еўропе 23 жніўня ўшаноўваецца як адзіны дзень памяці усіх ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Еўрапейскі Парламэнт абвесціў гэты дзень ў 2009 годзе на знак памяці пра падпісанне “пакта Молатава-Рыбэнтропа”, што паспрыяў развязванню Другой Сусветнай вайны. У Еўропе згадваюць у гэты дзень усіх ахвяраў і нацызму, і камунізму, ураўняўшы такім чынам абодва гэтыя антычалавечыя таталітарныя рэжымы. Адпаведную рэзалюцыю 3 ліпеня 2009 года прыняла Парламенцкая Асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Фатаздымкі ўласныя, Радыё “Свабода” і Еўрарадыё, апошні фатаздымак – беларусы ў Катыні