Зміцер Дашкевіч: жыўём нас ніхто ня возьме (Фота)
Лідэр “Маладога Фронту” і сябра Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Зьміцер Дашкевіч даслаў ліст сустаршыні аргкамітэту БХД Аляксею Шэіну. Ліст напісаны 22 жніўня. “Сам я тут – як у казцы! 🙂 Калі-небудзь распавяду 🙂 Хвалявацца за мяне не выпадае – усё пад кантролем! 🙂 Жыўём нас ніхто ня возьме :)”, – піша ён.
Зьміцер Дашкевіч перадаў таксама шчырыя вітаньні Аляксею Шэіну і яго сямьі. “Беражы і ты там сябе!” – падкрэсьліў ён.
Скончваецца ліст словамі зь Бібліі: “Хто са слязьмі сеяў, пажынацьме з радасьцю” (Пс. 125:5)
“Відавочна, што Зьмітру зараз вельмі складана, хоць ён гэтага і не гаворыць адкрыта. Мы мусім дапамагчы яму ды іншым палітвязьням так, як мы можам. Нагадаю, што з нагоды сытуацыі, якая склалася вакол Зьмітра Дашкевіча 30 жнiўня (аўторак) а 12 гадзіне ў Менску па адрэсе Кульман, 4 пройдзе надзвычайная прэс-канфэрэнцыя, якую будзе праводзіць Малады Фронт”, – паведаміў Аляксей Шэін.
Зьмiцер Дашкевiч мае шматлікія скаргi на нестатутнае абыходжаньне ў турме, якое можна трактаваць як ужываньне катаваньняў. Аб гэтым стала вядома 24 жніўня пасьля сустрэчы з адвакатам, каторы наведаў падабароннага ў Горацкай калёніі. Зьняволены лідэр МФ Дашкевіч мае таксама скаргi на неаднаразовае парушэньне адмiнiстрацыяй ВК №9 яго права на абарону й iншых прадугледжаных законам правоў. Апроч гэтага Дашкевіч заяўляе аб цiску й правакацыях у адносiнах да яго з боку асуджаных.
Напрацягу апошніх двух месяцаў да Зьмітра Дашкевіча не маглі патрапіць адвакаты. З гэтай нагоды маладафронтаўцы ладзілі пікет ля сьценаў калёніі, а нядаўна нявеста Дашкевіча Наста Палажанка зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем завядзеньня крымінальнай справы. Пра візыт адваката да Дашкевіча ў сераду загадзьдзя паведамілі ў Пракуратуру, ДВП й калёнію.
Палітычна зьняволены лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы разам з Эдуардам Лобавым 18 сьнежня за дзень да падзеяў Плошчы. Маладафронтаўцаў неабгрунтавана абвінавацілі ў хуліганстве й асудзілі да арыштаў.
Цяпер Зьміцер знаходзіцца ў ПКТ — «памяшканьні камэрнага тыпу», куды ён трапіў пасьля турэмнага карцэру, у адрозьніньне ад карцару, зараз Дашкевіч можа атрымліваць карэспандэнцыю:
Зміцер Дашкевіч
213410, Магілёўская вобл., г.Горкі, вул. Дабралюбава, 16
папраўчая калонія № 9