У Глыбокім міліцыя затрымала сябра БХД журналіста Кастуся Шыталя
26 жніўня ў цэнтры Глыбокага супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра аркамітэту БХД, журналіста інтэрнэт-парталу “Весткі.інфо” Кастуся Шыталя. Яго схапілі пасля таго, як ён сфатаграфаваў запэцканы невядомымі асобамі будынак райвыканкама. Перад тым двое супрацоўнікаў Глыбоцкага РАУС мелі з ім размову і настойліва раілі не распаўсюджваць інфармацыю пра здарэнне.
“Двое міліцыянтаў у цывільным дагналі мяне на машыне, калі я ехаў на ровары па вуліцы Энгельса. Яны перадалі мяне супрацоўнікам у форме, якія завезлі мяне ў РАУС”, – распавёў Кастусь Шыталь.
У міліцыі у Кастуся ўзялі адбіткі пальцаў і запісалі тлумачэнні пра тое, што ён рабіў у тыя ночы, калі быў запэцканы фарбай будынак райвыканкама. Таксама міліцыянты перапісалі частку нумароў з яго мабільнага тэлефона і выдалілі з фотаапарата некаторыя здымкі.
“Супрацоўнікі РАУС паводзілі сябе карэктна. Калі я быў побач з “дзяжуркай”, пачуў як адзін з міліцыянтаў сказаў іншаму: “Што гэта за краіна – пляскаць у ладкі нельга, фатаграфаваць таксама нельга!”, – кажа Шыталь.
Кастуся Шыталя адпусцілі з міліцыі праз дзве гадзіны пасля затрымання. Журналіст не выключае, што ў далейшым на яго можа аказвацца ціск з боку супрацоўнікаў міліцыі.