Лідэры БХД пра круглы стол: спачатку трэба вызваліць палітвязняў
Лідэры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пракаментавалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць склікання круглага сталу па выхадзе з крызісу, у якім узялі б удзел прадстаўнікі не толькі ўладаў, але і дэмакратычных сілаў, ЕС і Расіі.
“Ідэя, канечне, добрая. Вось ужо 17 гадоў мы марна чакаем. Але цяпер прыпякло. За круглым сталом павінны сядзець Саннікаў, Статкевіч, Вус, Дашкевіч і іншыя палітвязні. Пакуль у турме знаходзяцца палітычныя апаненты рэжыму, ніякай размовы пра круглы стол быць не можа. Пра што павінен быць круглы стол зараз – пра ўмовы адстаўкі Лукашэнкі і перадачы ўлады надзвычайнаму пераходнаму ўраду”, – адзначыў Павал Севярынец.
“Перамовы засўёды лепш, чым канфрантацыя. Але ўсе павінны разумець, што ў сённяшняй сітуацыі першай тэмай любых перамоваў павінна быць неадкладнае, безумоўнае і поўнае вызваленне палітвязняў, а пасля ўжо перадача ўлады”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.
“Калі гэтая заява не ёсць чарговым пусканнем пылу ў вочы, а з’яўляецца рэальнай, гэта значыць, што рэжым знаходзіцца ля апошняй рысы. Менавіта з круглага сталу, які склікаў Ярузэльскі, больш за 20 гадоў таму пачаліся змены ў Польшчы. На маю думку, правядзенне круглага сталу, пытанні эканамічнай дапамогі і выхаду з крызісу павінны на прамую быць увязаны з правядзеннем свабодных і адкрытых выбараў”, – падкрэсліў Аляксей Шэін.
“Гэта заява, напэўна, далася Лукашэнку нялёгка. Калі гаворка сапраўды ідзе аб дыялогу, калі ўлада гатовая адказваць на пытанні, якія мы ставім, дык мы павінны ў ім удзельнічаць. І першым нашым пытаннем павінна быць вызваленне нашых сяброў – палітвязняў. Калі ж гэты круглы стол плануюць ператварыць у тэатр аднаго актора размоўнага жанру, як гэта было ў 1999 годзе, то я больш у такіх “дыялогах” удзельнічаць не збіраюся”, – паведаміў сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук.