У Пінску замест Харужай будзе вуліца кардынала Свёнтка
Не чакаючы на верасень, у Пінску прайшло паседжанне Гарадской камісіі па назвам вуліц, якая прыняла рашэнне перайменаваць вуліцу камуністычнай дзеячкі Заходняй Беларусі, Героя СССР Веры Харужай у вуліцу імя кардынала Казіміра Свёнтка.
Вуліца будзе праходзіць ад набярэжнай да пешаходнай Леніна. Плануецца, што да вуліцы Свёнтка аднясуць і адрас касцёла, ў якім пахаваны каталіцкі іерарх. Рашэнне Камісіі мусіць зацвердзіць гарвыканкам.
Літаральна некалькі дзён таму Валянціна Кулак, кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Пінскага гарвыканкаму, якая і праводзіла паседжанне, адзначыла, што сітуацыя з вуліцай вырашыцца да канца наступнага месяца. Кавалак вуліцы Веры Харужай у Пінску ўсё ж застанецца, бо ў скверы насупраць КДБ за савецкім часам ёй быў пастаўлены помнік.
Пінскі краязнаўца Эдвард Злобін вітае такое рашэнне, бо для пінчукоў ксёндз-кардынал зрабіў вельмі шмат і вуліца яго імём можа быць толькі ў цэнтры Пінска, каля катэдры:
– У Пінску ён закончыў духоўную семінарую ў 1939 годзе. З Пінска атрымаў прызначэнне на вікарыя ў Пружаны. Менавіта ў Пінск ў 1954 годзе ён вярнуўся з высылкі. Дзякуючы менавіта яго дзейнасці, яго стойкасці, яго барацьбе касцёл Дзевы Марыі не перабудавалі, як планавалася, у бровар.
Пінскія актывісты не могуць канкрэтна адказаць, чаму так хутка прынята рашэнне, нягледзечы на ранейшыя заявы ўладаў горада – ці гэта наказ ад кіраўніцтва Брэсцкай вобласці, ці паўплывалі просьбы грамадства і СМІ. Яшчэ не вядома, калі рашэнне Камісіі зацвердзіць гарадская адміністрацыя.