Севярынец: справа Жукаўца падобная да справы Бяляцкага
Адзін з сустаршыняў аргкамітэту стваранай Партыі БХД Павал Севярынец заклікае генэральнага пракурора і міністра юстыцыі Польшчы ўзяць пад кантроль справу палітуцекача зь Беларусі Андрэя Жукаўца.
Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на «хіміі» ў Пружанскім раёне, лічыць справу палітуцекача Андрэя Жукаўца падобнай да сытуацыі з Алесем Бяляцкім:
«Гэта паўтарае справу Бяляцкага, і для нас будзе непрымальна, калі Андрэя Жукаўца выдадуць беларускім спэцслужбам».
Дзеяньні Беластоцкага суду, які разглядае справу, Севярынец называе беззаконьнем — «у першую чаргу, таму што ведаем, што Андрэй Жукавец займаўся падтрымкай беларускай дэмакратычнай апазыцыі».
Прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў «Малады фронт» і праваабаронцаў. Жукаўца затрымалі на Чарнобыльскім шляху ў 1996 годзе. Пазьней супраць яго завялі крымінальную справу, абвінавацілі ў махлярстве, калі ён атрымліваў 700 тысяч даляраў крэдыту ў двух беларускіх банках.
У 1999 годзе Жукавец зьехаў зь Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Беларускі бок дамагаецца, каб Жукаўца выдалі.
У Польшчы суд над палітуцекачом цягнецца амаль 10 гадоў.
У 2001 годзе Андрэя Жукаўца арыштавалі ў Польшчы. Яго вызвалілі толькі пасьля ўмяшаньня тагачаснага генпракурора Леха Качыньскага.