Сёння ў Берасці адбудзецца чарговы суд па справе Зміцера Шурхая

02 верасня 2011 07:24  |  Палітыка

Сёння, 2 верасня, у 9-30 раніцы ў судзе Маскоўскага раёна Берасця (вул. Леванеўскага, 1, каб. 33) адбудзецца перагляд судовай справы ў дачыненні да берасцейскага абласнога каардынатара БХД Зміцера Шурхая па факце прэвентыўнага затрымання перад маўклівай акцыяй пратэсту 28 чэрвеня 2011 года і далейшага 7-суткавага арышту.

 

У сераду 28 чэрвеня Зміцер быў затрыманы на вуліцы Янкі Купалы ў Берасці і дастаўлены ў Маскоўскі РАУС. Там у дачыненні да актывіста аргкамітэту БХД быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, якога не было. А на наступны дзень 29 чэрвеня Маскоўскі раённы суд Берасця прысудзіў Шурхаю адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак згодна з артыкулам 17.1 КоАП. 

Пазней Шурхай абскардзіў незаконны арышт і прысуд у Берасцейскім абласным суде, які нечакана задаволіў скаргу актывіста і 21 ліпеня адмяніў пастанову суда Маскоўскага раёна, накіраваўшы адміністрацыйную справу Шурхая на новы разгляд. Як адзначаюць праваабаронцы, гэта першая сярод адміністрацыйных справаў у сувязі з маўклівымі акцыямі пратэсту, пастанова па якой адменена абласным судом.

Нагадаем таксама, што 25 жніўня над Зміцерам Шурхаем павінен быў адбыцца суд у Горках за акцыю салідарнасці са зняволеным лідэрам “Маладога Фронту” Зміцерам Дашкевічам 2 жніўня 2011 года. Шурхай не паехаў на разгляд гэтай справы, даслаўшы па факсе паведамленне з просьбай перанесці разгляд у Берасце, бо на такую далёкую дарогу у яго няма сродкаў. Ці адбыўся гэты працэс у яго адсутнасць, і што яму прысудзілі, актывіст пакуль не ведае.

Болей навін