Пастар царквы “Новаё жыццё” даслаў ліст у абарону Змітра Дашкевіча
У сувязі інфармацыяй аб непрымальных умовах утрыманьня пад вартай Змітра Дашкевіча, маладога хрысціяніна-палітыка, асуджанага па сумнеўным абвінавачанні, пастар царквы «Новае Жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка накіраваў ліст начальніку калоніі № 9 у горадзе Горкі, дзе знаходзіцца Зміцер.
Прыводзім вашай увазе поўны тэкст ліста.
Кіраўніку ВУ «Папраўчая калонія № 9»
Кавалёву А.М.
Звяртаюся да Вас у дачыненні да зняволенага Вашай калоніі Змітра Дашкевіча.
На прэс-канферэнцыі 30 жніўня, якая праводзілася праваабаронцамі пры ўдзеле нявесты Змітра Насты Палажанкі, была агучана інфармацыя, атрыманая напярэдадні адвакатам зняволенага пасля асабістай сустрэчы з ім. У прыватнасці, там гаварылася аб тым, што Зміцер змяшчаецца ў неналежных умовах, пры нізкай тэмпературы паветра ў памяшканні, з-за чаго ён вымушаны пастаянна рабіць фізічныя практыкаванні, каб сагрэцца. Таксама высветлілася, што Зміцер рэгулярна падвяргаецца спагнанням і ўтрымоўваецца ў памяшканні камернага тыпу, як небяспечны злачынец, а таксама трывае здзекі з боку некаторых супрацоўнікаў турмы.
Але больш за ўсё гэтага хачу адзначыць, што ён пазбаўлены права карыстацца Бібліяй.
Я ведаю Змітра як верніка. Ён неаднаразова наведваў нашу царкву, з’яўляецца пастаянным сябрам адной з пратэстанцкіх цэркваў горада Менска. Для яго, як і для ўсіх вернікаў, Біблія вельмі важная. Вялікая просьба – вярнуць яму права карыстацца Бібліяй, а таксама выяўляць спачуванне і ласку ў адносінах да яго.
Чалавек ёсць вобразам і падабенствам Божым, а гэта значыць, што Бог чакае ад нас трапяткога і паважлівага стаўлення адзін да аднаго.
У заключэнне прыводжу словы святога Апостала Якава: “Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом” (Якава 2:13), а таксама словы Ісуса Хрыста: “Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце”. (Лукі 6:36-37).
Хай дапаможа Вам Госпад у Вашай нялёгкай працы.
З малітвай за Вас,
Пастар царквы «Новае Жыццё» (г. Менск) Вячаслаў Ганчарэнка