Віншуем з вызваленьнем чатырох палітвязьняў! (відэа)
1-2 верасьня на волю выйшлі чатыры вязьні Плошчы: Алег Гнедчык, Андрэй Пратасеня, Алесь Кіркевіч і Зьміцер Даронін. Шчыра віншуем іх з вызваленьнем!
Алесь Кіркевіч і Алег Гнедчык былі прысуджаныя да чатырох гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Андрэй Пратасеня – да трох гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Зьміцер Даронін – да 3,5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Нагадаем, 11 жніўня былі памілаваныя 9 чалавек, асуджаных за Плошчу: Зьміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакевіч, Васіль Парфянкоў, Уладзімір Яроменак, Яўген Сакрэт, Віталь Мацукевіч, Аляксандар Квяткевіч і “навушнік” Уладзімір Хамічэнка.
Актывіст Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і намесьнік старшыні Маладога Фронту Алесь Кіркевіч ужо вяртаецца дахаты ў Горадню. Ён прыехаў у Менск з Полацку, а з Горадні насустрач яму прыехала ў сталіцу ягоная жонка Надзея. Яны сустрэліся раніцай на чыгуначным вакзале, а ў гэты час едуць дахаты маршруткай.
31 жніўня прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў дакумэнт аб памілаваньні. Алеся Кіркевіча выпусьцілі ўчора з Наваполацкай калёніі, дзе ён сядзеў за падзеі на Плошчы 19 сьнежня, яго зьняволілі на чатыры гады.
1 верасьня Алеся выклікалі ў штаб, сказалі, што прыйшла адмысловая папера і трэба зьбірацца. Словам, даведаўся досыць раптоўна, кажа ён, усе зборы занялі паўгадзіны: падпісаньне абхаднога ліста, збор рэчаў і выхад з зоны.
Алесь кажа, што сам напісаў паперу аб памілаваньн, гэта было яго дабраахвотнае сьвядомае рашэньне: “Я лічу, што той плён, які я магу прынесьці на волі, варты больш за “чысьціню” маёй біяграфіі”.
У Менску быў час пахадзіць “па месцах баявой славы” — каля Дому ўраду. Зараз я еду ў Горадню са сваёй каханай жонкай”, — сказаў Алесь Кіркевіч.