Берасцейскі суд апраўдаў Змітра Шурхая за адсутнасцю складу правапарушэння

02 верасня 2011 13:13  |  Палітыка

Сёння, 2 верасня, ў судзе Маскоўскага раёна Берасця адбыўся перагляд судовай справы ў дачыненні да берасцейскага абласнога каардынатара БХД Зміцера Шурхая па факце прэвентыўнага затрымання перад маўклівай акцыяй пратэсту 28 чэрвеня 2011 года і далейшага 7-суткавага арышту. Суддзя спыніла справу за адсутнасцю складу правапарушэння: актывісту ўмянялася брыдкаслоўе ў грамадскім месцы.

 

Як адзначыў Зміцер Шурхай, на судзе спецназаўцы блыталіся ў паказаннях, а квітанцыі па аплаце штрафаў, выпісаныя ДАІ, выявіліся сфальсіфікаванымі. Так, спачатку у квітанцыях было напісана, што Змітра Шурхая аштрафавалі за парушэнне правілаў дарожнага руху ў 12:05, у той час як яго затрымалі ў 12:40. Супрацоўнікі ДАІ вырашылі “выправіць” супярэчнасць уручную, з дапамогай асадкі замяніўшы 12:05 на 13:05. Па словах суддзі, для доказу фальсіфікацыі нават не патрэбная экспертыза.

 

“Я вельмі ўдзячны суддзі. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Заўсёды хочацца верыць ў перамогу дабра, але ў нашай сітуацыі спадзявацца на гэта не выпадае. Мы будзьма чакаць 10 сутак, пакуль рашэнне суду ўступіць у законную моц. Пасля гэтага мы збіраемся абскарджваць маё затрыманне і мой арышт на сем сутак. Таксама, магчыма, мы будзьма спрабаваць прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія давалі хлуслівыя паказанні”, – паведаміў Зміцер Шурхай.

 

У сераду 28 чэрвеня Зміцер быў затрыманы на вуліцы Янкі Купалы ў Берасці і дастаўлены ў Маскоўскі РАУС. Там у дачыненні да актывіста аргкамітэту БХД быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, якога не было. А на наступны дзень 29 чэрвеня Маскоўскі раённы суд Берасця прысудзіў Шурхаю адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак згодна з артыкулам 17.1 КоАП. 

Пазней Шурхай абскардзіў незаконны арышт і прысуд у Берасцейскім абласным суде, які нечакана задаволіў скаргу актывіста і 21 ліпеня адмяніў пастанову суда Маскоўскага раёна, накіраваўшы адміністрацыйную справу Шурхая на новы разгляд. Як адзначаюць праваабаронцы, гэта першая сярод адміністрацыйных справаў у сувязі з маўклівымі акцыямі пратэсту, пастанова па якой адменена абласным судом.

Нагадаем таксама, што 25 жніўня над Змітром Шурхаем павінен быў адбыцца суд у Горках за акцыю салідарнасці са зняволеным лідэрам “Маладога Фронту” Змітром Дашкевічам 2 жніўня 2011 года. Шурхай не паехаў на разгляд гэтай справы, даслаўшы па факсе паведамленне з просьбай перанесці разгляд у Берасце, бо на такую далёкую дарогу у яго няма сродкаў.

 

Зміцер Шурхай паведаміў, што пакуль не атрымліваў ніякіх паведамленняў наконт гэтага суду. Ён не выключае, што суд над ім адбыўся завочна і што яго асудзілі прынамсі на 10 сутак.

Болей навін