Севярынец: міліцыянты разумеюць, што рэжым вісіць
Калі чарга вызваленьняў дойдзе да сузаснавальніка БХД Паўла Севярынца, які адбывае 2 гады хіміі ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці? Сам асуджаны палітык мяркуе, што ўсіх палітвязьняў вызваляць толькі пасьля народнага сходу ў кастрычніку.
“Калі дадзены арыенцір — сярэдзіна кастрычніка, то лягічна, што апошніх вызваляць пасьля акцыі масавага пратэсту, і гэта будуць самыя ўплывовыя палітвязьні. Але трэба лепш ведаць сытуацыю ў Драздах. Мне цяжка казаць, наколькі сапраўды складаныя справы ў Лукашэнкі. Ня стану ацэньваць, бо не знаходжуся ў Менску. У глыбінцы тут таксама адчуваецца, што сытуацыя цяжкая, але наколькі цяжкая? Да канца не зразумела. Я тут не сустрэў ніводнага чалавека, хто б апраўдваў існую сыстэму, існы рэжым. Настроі — ад апакаліптычных да зусім безнадзейных. Людзі, якія натуральна раней не цікавіліся палітыкай, усе жыва абмяркоўваюць сытуацыю, і ўсе з адным пасылам: калі гэта ўсё скончыцца, калі ён сыдзе, таму што ўжо ўсіх дастала, немагчыма ўжо трываць. Шчыра кажучы, гэта на кожным кроку. Магчыма, гэта таму, што тут Заходняя Беларусь — ня ведаю, але літаральна вось простыя людзі так кажуць. Міліцыянты і тыя, скажам гэтак, напружаныя. Яны разумеюць, што рэжым вісіць…”.