У Берасці адбыўся праваабарончы форум у падтрымку палітвязняў (Фота, Аўдыё)
У суботу 3 верасня ў Берасці адбыўся праваабарончы форум у падтрымку палітвязняў, ініцыяваны сябрамі аргкамітэту БХД. У форуме ўзялі ўдзел мясцовыя палітычныя актывісты, сваякі палітвязняў, праваабаронцы, а таксама журналісты і дыпламаты – усе, каму неабыякавы лёс рэпрэсаваных беларускім рэжымам – агулам каля 50 чалавек. З Менску на форум прыехаў адзін з сустаршыняў арганізацыйнага камітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які таксама мае ўмоўны тэрмін за Плошчу-2010.
На форуме абмеркавалі праблему палітвязняў, якія зараз ёсць ў Беларусі, у прыватнасці ўтрымліваюцца ў адпаведных ўстановах на Берасцейшчыне. Па выніках яго на прапанову берасцейскага каардынатар БХД Зміцера Шурхая быў створаны берасцейскі абласны камітэт дапамогі рэпрэсаваным.
Удзельнікі праваабарончага форуму таксама прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязьняў, спынення крымінальных справаў і зняцця судзімасці з ужо асуджаных па палітычных матывах.
Гэты зварот пасля заканчэння форуму быў перададзены адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі. Дзеля гэтага ў Івацэвічы накіравалая адмысловая дэлегацыя з удзельнікаў форуму на чале з экс-кандыдатам у прэзідэнты, сустаршынём БХД Віталём Рымашэўскім. Прэс-службе БХД Рымашэўскі паведаміў, што адміністрацыя калоніі таксама была папярэджаная пра пільны кантроль з боку грамадскасці, каб у дачыненні да палітвязняў выконваліся міжнародныя нормы ўтрымання зняволеных.
Такі самы зварот у нядзелю 4 верасня будзе перададзены і ў спэцкамэндатуру ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе на “хіміі” утрымліваецца палітзняволены сустрашыня БХД Павал Севярынец.
Нагадаем, што на Берасцейшчыне акрамя Севярынца адбываюць пакаранне яшчэ 3 палітвязні: Фёдар Мірзаянаў, Эдуард Лобаў і Мікалай Аўтуховіч, якія ўтрымліваюцца ў Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы”.
Фатаздымкі ўласныя і Радыё “Свабода”
Аўдыё Радыё “Рацыя”