Дзмітрук на сходзе берасцейскага аргкамітэту: Будзем рабіць чарговую спробу зарэгістраваць БХД (Фота)

04 верасня 2011 08:43  |  БХД

Увечары 3 верасня ў Берасці прайшоў сход берасцейскага абласнога аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. На сходзе абылося пераабранне кіраўніцтва аргкамітэту па берасцейскай вобласці, былі таксама падведзеныя вынікі працы за мінулы месяц, абмеркаваныя планы далейшай дзейнасці, у тым ліку фармат удзелу ў Народным сходзе 8 кастрычніка і падрыхтоўка да чарговага з’езду БХД з мэтай чацвёртай спробы рэгістрацыі партыі, які плануецца правесці ў снежні.

Галоўнай стратэгіяй у справе паўставання партыі БХД, у тым ліку на Берасцейшчыне, было вызначанае пашырэнне ўплыву хрысціянскай дэмакратыі ў грамадстве.

За грамадскімі актывістамі Змітром Шурхаем і Аляксандрам Чаркашыным у выніку сходу былі захаваныя пасады берасцейскага абласнога і гарадскога каардынатараў БХД.

– Мы праводзім гэты сход з мэтаю далейшай рэгістрацыі партыі, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Георгі Дзмітрук. – Мы хочам вывесці нашых актывістаў з-пад удару, каб не было крымінальнага пераследу з-за дзеянняў ад імя незарэгістраванай арганізацыі, таму будзем спрабаваць зарэгістравацца, і відавочна, будзем гэта рабіць кожны год, пакуль нарэшце ўлада не зразумее, што нас трэба зарэгістраваць. І з другога боку, каб арганізацыя развівалася, жыла і рухалася, трэба ўвесь час праводзіць пэўныя дзеянні, каб зрабіць арганізацыю больш мабільнай, больш жывой, дзейнай.

Па словах іншага сустаршыні аргкамітэту БХД, экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, гэты год – адзін з самых спрыяльных часоў для рэгістрацыі партыі. 17 снежня гэтага году плануецца правесці рэспубліканскі ўстаноўчы з’езд БХД з мэтаю чарговай ужо чацвёртай спробы рэгістрацыі рэспубліканскай структуры.

 

Дзмітрук на сходзе берасцейскага аргкамітэту: Будзем рабіць чарговую спробу зарэгістраваць БХД (Фота)

Дзмітрук на сходзе берасцейскага аргкамітэту: Будзем рабіць чарговую спробу зарэгістраваць БХД (Фота)

Дзмітрук на сходзе берасцейскага аргкамітэту: Будзем рабіць чарговую спробу зарэгістраваць БХД (Фота)

Болей навін