У Гомелі абмеркавалі спалучаемасць бізнэсу і Евангелля

06 верасня 2011 11:06  |  Грамадства

5 верасня ў Гомелі прайшло пасяджэнне дыскусійнага клуба грамадскага аб’яднання садзейнічання развіццю прыватнага прадпрымальніцтва «Адзінства» на тэму «Бізнес і Евангелле». У мерапрыемстве ўдзельнічалі мясцовыя бізнесмены і пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі Раства Божай Маці Славамір Ласкоўскі.

 

Прадпрымальнікаў цікавілі такія пытанні: ці магчыма мець поспех у бізнесе і пры гэтым жыцьпа-хрысціянску; ці не супярэчыць занятак бізнесам хрысціянскім каштоўнасцям, звальняць ці не нядбайных работнікаў; ці можна прабачаць нядобрасумленным партнёрам і што рабіць у цяжкіх сітуацыях.

 

Ксёндз Славамір мяркуе, што калі мэта бізнесу — зарабіць грошы, то справа не будзе паспяховай. «Можна зарабіць вялікія грошы, але не будзеш мець радасці і ўнутранага задавальнення. Каб бізнес быў паспяховым, трэба саліць яго, каб ён не сапсаваўся, гэта значыць 10% даходу трэба аддаць на дабрачыннасць, каб грошы працавалі на дабро. Калі 10% будзеце аддаваць на добрыя справы, убачыце, як паспяхова будзе працаваць бізнес», — параіў святар.

 

Ён адзначыў, што добрае імя лепш за вялікае багацце, і таму трэба сачыць за сваёй рэпутацыяй. Паводле слоў святара, у цэнтры бізнесу павінен быць чалавек, а не грошы. Ксёндз параіў прадпрымальнікам не мець прынцыпамі ў справах прагнасць і скупасць. «Таму што калі прагнасць — прынцып маёй дзейнасці, то гэта рана ці позна разваліцца. Трэба працаваць так, каб прыносіць людзям радасць, вырабляць ці прывозіць добрыя рэчы, хай маімі паслугамі цешацца людзі. Мець даход — гэта нармальна, але гэта не мэта сама ў сабе», — адзначыў Славамір Ласкоўскі.

 

«Можна дабро нажываць і можна дабро рабіць, можна клапаціцца пра сябе і пра свой бізнес, а можна — пра людзей. І звычайна лічыцца, што адно з адным ці дрэнна ўжываецца, ці зусім не ўжываецца. І тым не менш удзельнікі дыскусіі сышліся ў меркаванні, што існае сцвярджэнне няправільнае: зусім не абавязкова супрацьпастаўляць дабро для сябе дабру для іншых, клопат аб справах — клопату адзін аб адным. Гэта не супрацьлегласці, а заняткі, якія поўнасцю дапаўняюць адзін аднаго. І тады бізнесмен будзе жыць у гармоніі з хрысціянскімі каштоўнасцямі», — падсумавала дырэктар ГА «Адзінства» Іна Кустава.

 

Пасля дыскусіі прадпрымальнікі перадалі святару падарункі для дзяцей-сірот, хоспіс для якіх быў пабудаваны з ініцыятывы гомельскага касцёла на ахвяраванні прыватных асоб, бізнесменаў з розных краін. Кустава адзначыла, што гэта першы ўнёсак у добрую справу, але не апошні.

Болей навін