Віншуем “Малады фронт!” з чатырнацацігодзьдзем!

06 верасня 2011 14:01  |  Галоўныя навіны

Сёньня, 6 верасьня, Маладому Фронту спаўняецца 14 год. 14 год самаахвярнага змаганьня беларускае моладзі супраць крывавага рэжыму Лукашэнкі. 14 год працы на карысьць нацыянальнага Адраджэньня Беларусі. У заснаваньні і дзейнасьці МФ бралі і працягваюць браць удзел шматлікія сябры “Беларускае Хрысцьціянскае Дэмакратыі”, у тым ліку кіраўніцтва аргкамітэту.

 

За гэтыя гады актывісты Маладога Фронту прайшлі праз тысячы арыштаў, затрыманьняў, дзесяткі ўзбуджаных палітычных крымінальных справаў. Улады на працягу ўсіх 14-ці год рабілі ўсё магчымае, каб спыніць моладзевы супраціў і зьнішчыць Малады Фронт, бо разумелі, як і зараз разумеюць, што беларуская моладзь заўсёды была й будзе ў авангардзе змаганьня супраць дыктатуры. Але кожная спроба рэжыму спыніць МФ і запужаць маладых беларускіх патрыётаў адгукалася тым, што моладзь зь яшчэ большаю самааданасьцю й бескампраміснасьцю змагалася супраць хунты, якая з 94-га году кіруе нашаю краінаю.

 

Чарговыя рэпрэсіі зь цягам часу толькі будавалі падмурак змаганьня, умацоўваючы крок за крокам Малады Фронт і яго актывістаў. Чым большым быў ціск на маладафронтаўцаў, тым вышэй уздымаўся па-над Беларусьсю нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг з чорным шасьціканцовым крыжом нашых продкаў.

 

Сваімі дзеяньнямі ўлады самі выносілі сабе прысуд… Тады, 14-ць год таму Ўстаноўчы Сойм Маладога Фронту адбыўся бяз двух яго арганізатараў, сяброў моладзевага нацыянальнага руху Аляксея Шыдлоўскага й Вадзіма Лабковіча. Цяпер у дзейнасьці Маладога Фронту ня могуць прымаць удзел маладафронтаўцы Зьміцер ДашкевічЭдуард ЛобаўЯўген Васьковіч ды іншыя палітвязьні, каторых бязбожная ўлада пакарала на некалькі гадоў зьняволеньня.

 

Рэжым баіцца беларускае моладзі! Гэта ён даказаў як у 97-ым, гэтак як і зараз. За гэтыя 14-ць год МФ стаў ня проста моладзевай нацыянальнагай арганізацыяй, якая дзейнічае ў большасьці гарадох Беларусі, ён стаў сымбалем бескампраміснае барацьбы за сьвятыя каштоўнасьці беларускае нацыі.

 

Сёньня, калі злачынны рэжым робіць чарговую спробу зьнішчыць моладзевы руху, лёзунг “Малады Фронт не спыніць!” пачынае гучаць яшчэ гучней. Бо маладафронтаўцаў сапраўды не спыніць аніякімі затрыманьнямі, арыштамі, турэмнымі тэрмінамі й велізарнымі штрафамі, бо кожны, хто зьяўляецца актывістам Маладога Фронту цьвёрды й рашуча, самаахвярна й упэўнена ідзе па гэтым далёка ня лёгкім, жыцьцёвым шляху дзеля нацыянальнага Адраджэньня роднага Краю, з двума сьвятымі вечнымі словамі: Бог і Бацькаўшчына!


Некаторыя архіўныя матэрыялы з 14-ці гадовай гісторыі Маладога Фронту:

I устаноўчы Сойм Маладога Фронту (6 верасьня 1997 г)

Рэзалюцыя

I-га Сойму Маладога Фронту

Ужо другі тыдзень у вязьніцы Стоўбцаў утрымліваюцца два актывісты Маладога Фронту, беспадстаўна арыштаваныя сябры АргКамітэту Аляксей Шыдлоўскі і старшыня Камісіі па Сувязях з Грамадзкасьцю Вадзім Лабковіч, што абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні “крымінальнага злачынства”: гэтак улады рэагуюць на расьпісаныя невядомымі патрыётамі стаўбцоўскія сьцены й платы.

Апошнія праявы дыскрымінацыі студэнтаў-маладафронтаўцаў у ВНУ, затрыманьні маладых зборшчыкаў подпісаў ды згаданыя абуральныя факты – усё гэта сьведчыць пра жаданьне рэжыму расправіцца з маладзёвым нацыянальна-вызвольным рухам, падавіць яго любымі сродкамі.

Малады Фронт патрабуе неадкладнага вызваленьня Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча.

Рукі прэч ад Маладой Беларусі!

Менск, 6 верасьня 1997 г.

 

 

Рэзалюцыя

I-га Сойму Маладога Фронту

Рэжым Лукашэнкі працягвае мэтанакіраванае вынішчэньне ўсіх праяваў беларускасьці ў Беларусі. Відавочным фактам ёсьць закрыцьцё беларускіх клясаў і школак, спробы пазбавіць адзіны беларускамоўны ліцэй ягонага будынка, перапісаньне падручнікаў па беларускай гісторыі, якое мае на мэце фальшаваньне сапраўднай нашае мінуўшчыны. Падаўленьне нацыянальнай культуры Беларусі ў дагоду расейскаму імпэрыялізму, яскрава дэманструе небеларускасьць сучаснай улады ў нашай краіне.

Малады Фронт заяўляе, што адкажа на этнацыд беларускае нацыі ўзмоцненым змаганьнем за неаспрэчнае права народа на разьвіцьцё свае культуры, за беларускае нацыянальнае Адраджэньне.

Менск, 6 верасьня 1997 г.

Рэзалюцыя I-га Сойму Маладога Фронту (6 верасьня 1997 г)

МАЛАДОМУ ФРОНТУ
у дні народзінаў

Маладафронтаўцы!
Ваш голас чую
І перад вамі галаву сьхіляю
Вы –
Незабытая надзея тая,
Што мусіць ратаваць
Зямлю сьвятую.
Зямля завецца
Беларусьсю нашай.
Яна як маці просіць заступіцца.
Хай лёс не абміне вас
поўная чашай,
Дзе пераможцу дадзена напіцца.
Хоць да свабоды вузкая дарога,
Вам суджана
Яе зрабіць гасьцінцам.
І толькі той
Заслужыць ласку ў Бога,
Хто не дазволіць
панаваць чужынцам.
Фронт Малады,
З Народным Фронтам
Разам
У заўтра йдзі ў
Змагарніцкім хаўрусе!
Фронт Малады,
Ты будзеш першым сказам
У гімне Незалежнай Беларусі!

17 траўня, 1997 Рыгор Барадулін


Верш народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Маладому Фронту ў дні народзінаў”, прысьвечаны моладзеваму нацыянальнаму руху. 17 траўня 1997 г.

 Малюнак, прысьвечаны МФ
Малюнак, прысьвечаны МФ

 Газэта “Маладзёвы весьнік” №5 (5) (1997г)

 Газэта “Маладзёвы весьнік” №2 (7) (1998г)

 Маладафронтаўскія абвесткі з газэты “Маладзёвы весьнік” №2 (7) (1998г)

 Газэта “Беларуская маладзёжная” №5 (156) (1998 г)

Газэта “Беларуская маладзёжная” №7 (158) (1998 г) з фотаздымкам школьнае клясы маладафронтаўца – палітвязьня Вадзіма Лабковіча

 Алімпіяда Маладога Фронту (1998 г)

“Моладзь адчувае сябе ў Эўропе”. Маладафронтаўскае апытаньне маладых беларусаў.

Болей навін