Рымашэўскі: Народны сход – першы крок да змены ўлады ў Беларусі
Адна з задач Народнага сходу – трансфармаваць эканамічны і сацыяльны пратэст беларусаў у палітычны пратэст, лічыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Экс-кандыдат у прэзідэнты лічыць сход першым крокам да змены ўлады ў Беларусі, піша UDF.BY.
– Гэтая змена можа адбыцца шляхам свабодных выбараў, калі ўлада будзе гатовая выконваць свае ж законы і пойдзе на саступкі ўжо не толькі апазіцыі, а большасці беларускага народу, – сказаў Віталь Рымашэўскі.
Па яго словах, эфектыўная барацьба беларусаў за свае правы немагчымая без дакладнай фармулёўкі палітычных патрабаванняў. Палітык паведаміў, што на сходах прагучаць і палітычныя патрабаванні да ўлады, у прыватнасці, патрабаванне вызваліць палітвязняў. Будзе абмяркоўвацца “прамая залежнасць сённяшняга эканамічнага крызісу ад палітычнага крызісу, які існуе ў Беларусі”.
– Улада ведае аб стане народу, але не хоча добраахвотна пачуць людзей. Таму наша задача (дэмакратычных сіл Беларусі – АДС) – у выніку правядзення гэтых сходаў стаць мацнейшымі, больш скаардынаванымі, – сказаў Віталь Рымашэўскі.