Віталь Рымашэўскі: “Заява Лукашэнкі перабольшвае яго магчымасьці”
Былы кандыдат у прэзыдэнты, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас беларускай апазыцыі, Захаду і МВФ.
“Усім разумным людзям абсалютна відавочна, што заявы Лукашэнкі пра перамовы не зьяўляюцца падставай для таго, што ён сапраўды будзе іх праводзіць. Гэтаксама і заявы пра адмову ад перамоваў няможна сур’ёзна расцэньваць як сапраўдную адмову ад іх. Насамрэч, будуць гэтыя перамовы ці не, залежыць ад моцы, у тым ліку і апазыцыйных сілаў. І таксама не ў апошнюю чаргу ад цьвёрдай пазыцыі Захаду. Таму я думаю, што сёньняшняя заява Лукашэнкі перабольшвае яго магчымасьці. Як, зрэшты, апошнім часам усе іншыя яго заявы”, – заявіў Рымашэўскі ў інтэрвію Радыё “Свабодзе”.
Нагадаем, сёньня ў адказ на пытаньні журналістаў Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца ісьці на перамовы з апазыцыяй. Паводле ягоных словаў, ён толькі прапанаваў розным грамадскім сілам і рухам сесьці за круглы стол, абмеркаваць існуючыя праблемы і ўнесьці разумныя прапановы: “Я пра перамовы не казаў і казаць не зьбіраюся. Я ні з кім зь іх не зьбіраюся перамаўляцца. Увесь палітычны сьпектр павінен быць прадстаўлены, і саюз жанчынаў, і прафсаюзы, і нашы, і ня нашы, і яны, ад улады нехта будзе. Калі за гэтым круглым сталом будзе выпрацаванае нешта добрае, станоўчае, мы з задавальненьнем гэта прымем.”
А 29 жніўня, выступаючы на нарадзе педагагічнага актыву ў Менску, Лукашэнка прапанаваў “усім разважным людзям, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лягера яны ні належалі, сесьці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэньня сытуацыі ў краіне”. Прадстаўнікі апазыцыі ўспрынялі гэта як запрашэньне да дыялёгу і пасьля правядзеньня перамоваў на гэтую тэму яны заявілі, што пачатак дыялёгу з уладай магчымы толькі пасьля вызваленьня і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзьняволеных. Такой жа пазыцыі прытрымліваюцца прадстаўнікі ЕЗ.