Суд над Зьмітром Дашкевічам перанесьлі
13 верасьня ў Горацкай папраўчай калёніі № 9 павіне быў адбыцца суд над лідэрам «Маладога фронту» і сябрам БХД Зьмітром Дашкевічам. Яго вінавацяць у «злосным парушэньні рэжыму ўтрыманьня». Калі Дашкевіча прызнаюць вінаватым, яго могуць перавесьці ў турму з больш строгім рэжымам.
Раніцай 13 верасьня намесьніца кіраўніка МФ і сябра БХД Наста Палажанка паведаміла, што суд адкладзены. Палажанка паабяцала высьветліць акалічнасьці цягам бліжэйшых некалькіх гадзінаў.
Напярэдадні Палажанка казала, што адвакатка Дашкевіча мусіць быць у калёніі 13 верасьня аб 11 гадзіне.
«Адвакатку папярэджваў пра разгляд справы нават ня суд, а адміністрацыя калёніі. Сказалі, прыяжджайце, будзе суд. А так не павінна быць. Адвакатка, канечне, абураная. Ёй жа трэба падрыхтавацца да суду, пабачыць матэрыялы справы.
У яе будзе літаральна некалькі гадзінаў, каб азнаёміцца зь імі, а потым удзельнічаць у пасяджэньні. Яны дужа сьпяшаюцца, каб суд адбыўся хутчэй. Таму робяць усё так „крыва“. Мы размаўлялі з супрацоўнікам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, ён наагул сказаў, што суду ня будзе», – заявіла 12 верасьня Наста Палажанка.
12 верасьня адвакаты накіравалі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС заяву з просьбаю зьмяніць меру стрыманьня для Зьмітра Дашкевіча ў сувязі з тым, што ён ужо адбыў траціну пакараньня. Абаронцы просяць вызваліць яго з калёніі і накіраваць на «хімію».
Адміністрацыя папраўчай калённі № 9 неаднойчы адмаўляла адвакатам у сустрэчы з Дашкевічам, спасылаючыся на тое, што ад зьняволенага няма пісьмовых просьбаў пра сустрэчу.
2 жніўня патрабаваць такой сустрэчы прыехалі да турмы чатыры дзясяткі актывістаў. Яны арганізавалі акцыю пратэсту з расьцяжкай «Спыніце перасьлед». Міліцыя затрымала 15 удзельнікаў. Пазьней некаторых асудзілі на суткі, некаторых пакаралі штрафамі.
Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Паводле судовага выраку, 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.
Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
«Міжнародная амністыя» прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.