Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)

14 верасня 2011 08:30  |  Галоўныя навіны

Дэлегацыя беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў наведала Нарвэгію па запрашэнні нарвэскай Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі з мэтай азнаямленьня з арганізацыяй выбарчага працэсу ў гэтай краіне.

 

12 верасьня гэтага году ў Нарвэгіі адбыліся выбары ў рэгіянальныя й муніцыпальныя органы мясцовага самакіраваньня, у якіх удзельнічалі болей за 14 палітычных партыяў краіны, у тым ліку й КрФ – хрысьціянска-дэмакратычная партыя Нарвегіі. Тры рэгіянальныя лідары БХД мелі магчымасьць на працягу шасьці дзён знаёміцца з выбарчай кампаніяй рэгіянальнай і мясцовых арганізацыяў КрФ у рэгіёне Ругаланд, абмяняцца досьведам у правядзеньні выбарчых кампаніяў з нарвэскімі хрысьціянскімі дэмакратамі, наведаць агітацыйныя мерапрыемствы КрФ, назіраць за дэбатамі і сустрэчамі кандыдатаў ад хрысьціянскіх дэмакратаў з выбарцамі й кандыдатамі ад іншых, канкуруючых партый.

 

У дзень выбараў хрысьціянскія дэмакраты зь Беларусі мелі магчымасьць назіраць за працэсам галасаваньня й падлікам галасоў на некалькіх выбарчых участках рэгіёну Ругаланд.

Гарадзенскі абласны каардынатар аргкамітэту БХД Мікалай Баўсюк высока ацэньвае арганізацыю выбараў у Нарвегіі, іх дэмакратычнасьць і празрыстасьць: «У нарвежцаў няма нават разуменьня таго, што выбары можна сфальсіфікаваць. Склад выбарчых камісіяў, у якія ўваходзяць прадстаўнікі розных канкуруючых партыяў, не дае магчымасьцяў для арганізацыі маніпуляцыяў з галасамі выбарцаў. Кожная партыя мае свой бюлетэнь з пералікам асобаў, якія вылучаюцца ў дэпутаты мясцовых Радаў. Гэтыя бюлетэні выбарца атрымлівае загадзя ў сваю паштовую скрыню й мае магчымасьць асэнсаванага выбару, што найлепшым чынам адрозьніваецца ад выбараў у нашай краіне».

 

Магілёўскі гарадзкі каардынатар аргкамітэту БХД Тацьцяна Шамбалава падкрэсьлівае ролю партыяў у палітычнай сыстэме Нарвегіі й адказнасць палітычных лідараў: «У Нарвегіі ўся палітычная барацьба накіраваная і верціцца вакол вырашэньня мясцовых праблемаў, уладкаваньня супольнага жыцьця ў муніцыпалітэце ці ў рэгіёне. Ня ўлада дзеля ўлады, дзеля амбіцыяў, уласнага “Я” ці гаманца, а дзеля таго, каб закласьці ў муніцыпальны бюджэт грошы на адкрыцьцё школы, якой бракуе, пабудаваць тунэль, дзе неабходна скараціць і зрабіць больш зручнай ці бясьпечнай дарогу. І ўсе палітычныя партыі разам працуюць на гэтыя мэты, самі ўжо дамаўляючыся пасьля выбараў, прадстаўнік якой партыі ўвойдзе ў склад канкрэтнай камісіі ў мясцовай радзе ці стане мэрам і віцэ-мэрам».

 

Рэгіянальны лідар з Мастоў Зьміцер Кухлей таксама зьвяртае ўвагу на высокую палітычную культуру нарвэжцаў і ролю мясцовага самакіраваньня ў развіцьці рэгіёнаў і муніцыпалітэтаў Нарвегіі: «Усе кандыдаты й партыі прыхільна ставяцца адзін да аднаго й часам з’яўляюцца сябрамі, нягледзячы на розныя палітычныя прыхільнасьці. У Нарвегіі няма той атмасферы нянавісьці да сваіх ідэалягічных супернікаў, якая характэрна для Беларусі, – усе клапоцяцца пра дабрабыт сваіх муніцыпалітэтаў і нават не ўяўляюць таго, каб мясцовыя адміністрацыі падтрымлівалі нейкага канкрэтнага кандыдата. І што самае галоўнае – тут людзі праз удзел у выбарах і падтрымку пэўнай палітычнай праграмы вырашаюць, дзе ім будаваць дарогі і колькі грошай накіроўваць на школы, лякарні й мясцовыя адміністрацыі. У нас гэта ўсё закрыта ад грамадзкасьці, а мясцовыя саветы выконваюць ролю дэкарацыяў для выканаўчай улады. Празь візіт у Нарвэгію я на свае вочы пабачыў ролю самакіраваньня ў развіцьці рэгіёна й мяркую, што ў Беларусі хрысьціянскія дэмакраты ў свой час здолеюць пабудаваць ня горшую сыстэму мясцовага самакіраваньня».

 

Рэгіянальныя лідары БХД і КрФ таксама абмеркавалі магчымасьці й пэрспектывы далейшай супрацы паміж хрысьціянскімі дэмакратамі Беларусі й Нарвэгіі.

Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)

Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)
Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)
Дэлегацыя БХД засьведчыла высокі ўзровень дэмакратычнасьці мясцовых выбараў у Нарвэгіі (фота)

Болей навін