БХД патрабуе спыніць здзекі і заклікае да акцый салідарнасці са Змітром Дашкевічам
Здзекі з лідара Маладога Фронта Змітра Дашкевіча, незаконна асуджанага і катаванага ў Горацкай калоніі, пераходзяць усе межы. Катаванне холадам – адно з самых вытанчаных сталінскіх злачынстваў супраць чалавечнасці. Адмова мець у камеры Біблію, Слова Божае, – злачынства супраць Бога.
БХД заклікае ўсе палітычныя партыя, грамадскія арганізацыі і проста грамадзян Беларусі да арганізацыі акцый салідарнасці са Змітром Дашкевічам ды іншымі беларускімі палітвязнямі, а беларускія цэрквы да малітвы за Змітра за вызваленне яго і іншых палітвязняў.
Свабоду Змітру Дашкевічу!
Свабоду беларускім палітвязням!
Зміцер Дашкевіч быў затрыманы у выніку правакацыі спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Яго засудзілі на два гады пазбаўлення волі. Зміцер больш за 8 разоў знаходзмўся ў карцары. Паводле яго словаў, рапарты складаюцца шляхам розных правакацыяў дзеля таго, каб узбудзіць на тэрыторыі калёніі новую крымінальную справу, што прадугледжвае павялічэнне тэрміну.
Дашкевіч вымушаны кругласуткава знаходзіцца ў камеры, тэмпература ў якой такая ж, як і на вуліцы. Хлопцу забаранілі браць у ШІЗА што-колечы, апроч турэмнай робы, што на ім, так што яму няма чым укрыцца на ноч. Дашкевіч таксама патрабуе вярнуць яму Біблію. Напрацягу доўгага часу да Змітра не дапускалі адваката.
У 2006 годзе Дашкевіч ужо быў асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. “Міжнародная амністыя” прызнала Змітра Дашкевіча вязнем сумлення.