Актывіст БХД прайграў суд слонімскаму райвыканкаму
Судзьдзя не задаволіў скаргу слонімскага каардынатара аргкамітэту БХД Івана Бедкі на забарону праводзіць пікеты ў абарону палітзьняволеных і супраць зьбядненьня насельніцтва.
Іван Бедка кажа, што судзьдзя падтрымаў пазыцыю юрыста райвыканкаму ў тым, што заяўкі складзены неадпаведна закону. А менавіта: у заяўцы на правядзеньне пікета павінен быць пазначаны дакладны адрас, а ня так як прасіў заяўнік – у месцы вызначаным райвыканкамам.
Бедка кажа: судзьдзя прызнаў, што ён ня можа прымусіць райвыканкам даваць дазволы на пікеты.
Каардынатар БХД падаў скаргу ў суд на мясцовы райвыканкам за тое, што яму двойчы без тлумачэньня прычынаў адмаўлялі ў пікетах у абарону палітзьняволеных і супраць зьбядненьня насельніцтва.
Бедка лічыць, што райвыканкам, адмаўляючы у пікетах, парушае ягоныя канстытуцыйныя правы.