Тацьцяна Севярынец: пра гуманнасьць лепш бы не заікаліся

15 верасня 2011 14:07  |  Палітыка

Віцебская каардынатарка аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец, маці асуджанага за Плошчу сустаршыні БХД Паўла Севярынца, які адбывае пакараньне на так званай «хіміі», спадзяецца неўзабаве дачакацца сына дадому. Але яна ня верыць у «гуманнасьць» Лукашэнкі, пра якую сьцьвярджаецца ў ягоным указе аб памілаваньні.

 

«Пра гэта лепш бы ўвогуле не заікаліся. За гэтымі прыгожымі словамі яны проста спрабуюць прыхаваць гандаль людзьмі, хаця ўсім усё зразумела… Зьняволенымі засталіся „цяжкавагавікі“… Вядома ж, калі я пачула пра вызваленьне 11-і, сэрца затухкала: можа, і мой Паша там?.. Хаця было адчуваньне, што наўрад ці — ён жа чалавек са „складанай“ біяграфіяй… Але я чакаю і спадзяюся, што калі не ў пачатку, дык у сярэдзіне кастрычніка і астатніх выпусьцяць. А куды ён дзенецца?..», — лічыць спадарыня Таццяна

«Гэта зразумела, што павінна быць рэабілітацыя для ўсіх палітвязьняў. Вядома, я б хацела, каб мой сын быў на волі. Таму я, з аднаго боку, у радасным прадчуваньні, з другога боку — мне ўсё гэта вельмі прыкра, таму што — хто б мілаваў. Няхай моліцца і просіць Бога, каб яго памілавалі ў будучым».

Тацьцяна Севярынец кажа: калі б Лукашэнка кіраваўся прынцыпам гуманнасьці, то не рабіў бы таго, што ён учыніў 19 сьнежня мінулага году.

Болей навін