БХД патрабуе вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў!
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” 17 верасня на паседжанні Нацыянальнай Рады прыняў заяву, у якой патрабуе вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў без выключэння.
Зварот
Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, вітаем вызваленне палітычных вязняў і патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх тых, хто дагэтуль застаецца за кратамі, у першую чаргу: Паўла Севярынца, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Змітра Бандарэнкі, Дзмітрыя Уса, Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Андрэя Саннікава.
У той жа час, мы лічым абсалютна недастатковым вызваленне палітвязняў з-за кратаў. Мы настойваем на абавязковай поўнай рэабілітацыі ўсіх асуджаных па палітычных матывах.
Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, выступаем выключна за негвалтоўныя метады барацьбы і асуджаем любыя спробы гвалтоўных дзеянняў у грамадстве. Пры гэтым мы таксама лічым недапушчальным парушэнне прынцыпу роўнасці ўсіх грамадзянаў краіны перад законам і вынясення палітычна матываваных прысудаў.
Мы лічым, што прысуд, вынесены Яўгену Васьковічу, палітычна матываваны. Вырак, які быў вынесены, з’яўляецца занадта жорсткім і абсалютна не адэкватным учыненаму. Той тэрмін, які Яўген Васьковіч адбыў у зняволенні, мы лічым дастатковым для пакарання за ягоны учынак.
Акрамя таго, адміністрацыя калоніі ўвесь час парушае правы Яўгена, у прыватнасці, права на свабоду сумлення.
Мы патрабуем спыніць здзекі і неадпаведныя адносіны да Яўгеўна з боку адміністрацыі калоніі. Мы патрабуем пераглядзець прысуд, вынесены Яўгену Васьковічу.
Таксама мы патрабуем пераглядзець прысуды, вынесеныя Ігару Аліневічу, Аляксандру Францкевічу, Мікалаю Дзядку, Арцёму Пракапенку і Паўлу Сырамалотаву, на прадмет іх законнасці і адэкватнасці ўчыненаму.
Мы звяртаемся да праваабарончых арганізацый, палітычных партый, міжнароднай супольнасці з заклікам падтрымаць гэты зварот і выступіць у абарону Яўгена Васьковіча і іншых палітвязняў.