БХД патрабуе спыніць ціск на сваіх сябраў і спробы іх дыскрэдытацыі!
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” 17 верасня на паседжанні Нацыянальнай Рады прыняў заяву, у якой патрабуе спыніць ціск на сваіх кіраўнікоў і сябраў, а таксама спробы іх дыскрэдытацыі.
У прыватнасці, на гэтым тыдні сустаршыню аргкамітэту БХД Георгія Дзмітрука выклікала да сябе начальніца аддзелу дэкларавання прыбыткаў і маёмасці кіравання кантролю за падаткаабкаладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Берасцейскай вобласці Лідыя Ігнацеўна Прашчуровіч. У тэлефоннай размове яна паведаміла Георгію Дзмітруку, што ў яго “вялікія праблемы”.
Разам з тым, як паведаміў сустаршыня БХД, да цэркваў, памяшканні пад якія ён здае, неаднаразова прыходзілі людзі ў цывільным ды здымалі ўсіх людзей, што ўваходзілі ў цэрквы, а таксама перапісвалі нумары прыпаркаваных ля іх машынаў.
“Цалкам верагодна, што ўлады рыхтуюцца да чарговай правакацыі. Мажліва, неўзабаве на БТ з’явіцца чарговы фільм супраць БХД”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Заява
Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, занепакоены фактамі ціску на сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Георгія Дзмітрука з боку органаў падатковай інспекцыі цягам апошняга месяцу.
Мы адзначаем , што падобны ціск аказваўся на кіраўніцтва аргкамітэту і рэгіянальных кіраўнікоў цягам 2009-2010 гг.
Лічым, што падобныя дзеянні носяць палітычна матываваны характар і з’яўляюцца недапушчальнымі.
Таксама мы абураныя фактамі спробы ціску на царкоўную супольнасць, у якую ўваходзіць Георгій Дзмітрук.
Патрабуем спыніць усялякія спробы палітычнага ціску і дыскрэдытацыі кіраўнікоў і сябраў аргкамітэту з боку дзяржаўных органаў і сілавых структур.