Былы палітвязень: Яўген Васьковіч кожны тыдзень у штрафным ізалятары
Зьняволены па факце нападу на будынак бабруйскага КДБ актывіст стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Яўген Васьковіч адмаўляецца падпарадкоўвацца загадам адміністрацыі калёніі. За гэта яго караюць штрафным ізалятарам, пагражаюць перавесьці ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Яўген Васьковіч адбывае пакараньне ў магілёўскай папраўчай калёніі № 15. У ёй утрымліваўся палітвязень Аляксандар Малчанаў. Ён і апавёў пра тое, што адбываецца ў турме з Васьковічам.
«Ён стараецца не выконваць патрабаваньні адміністрацыі. На яго пастаянна складаюць рапарты. Практычна кожны тыдзень яго адпраўляюць у штрафны ізалятар. Думаю, што яго цяпер накіруюць у памяшканьне камэрнага тыпу й празь некалькі месяцаў будуць пераводзіць на ўмовы турэмнага рэжыму. Ён называе адміністрацыю калёніі прадстаўнікамі фашысцкай улады. Ён робіць усё, што ад яго залежыць. Ён хоча змагацца, нават знаходзячыся ў турме. Цяпер адзінае, што ён можа зрабіць, — гэта супраціўляцца адміністрацыі».
Маці Васьковіча Рушаньня Іванаўна пацьвярджае словы Аляксандра Малчанава:
«Лісты пішу яму кожны тыдзень, а адказу няма. Я езьдзіла ў жніўні да яго, але мне не далі ні спатканьня, ні перадачу не ўзялі. Сказалі, што да сьнежня можаце ня рухацца нікуды. Ён не выконвае ніводнага патрабаваньня, я размаўляла з начальнікам атраду. Таму ён усяго пазбаўлены».
Яўген Васьковіч на судзе сёлета 18 траўня прызнаў, што ўдзельнічаў у падпале будынку КДБ у Бабруйску, аднак не пакаяўся ва ўчыненым. У апошнім сваім слове ён заявіў:
«Я буду з годнасьцю пераносіць усе пакуты, якія паўстануць на маім жыцьцёвым шляху. Я літвін, мой сьвяты абавязак — абарона нацыянальных беларускіх каштоўнасьцяў. За іх я памерці гатовы. Жыцьцё кароткае — радзіма вечная. Жыве Беларусь».
Адказны сакратар стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Дзяніс Садоўскі зазначае, што Яўген Васьковіч — беларускі палітвязень. БХД, падкрэсьлівае партыец, не падтрымлівае таго, што ўчыніў Васьковіч, але і не адракаецца ад яго.
«Мы вядзем працу й з праваабарончымі арганізацыямі, каб Яўген Васьковіч уваходзіў у сьпісы палітвязьняў, якія павінны быць вызваленыя. Вэрдыкт, які яму вынесьлі, несправядлівы. Мы патрабуем сумленнага судовага разбору. Калі ўсё ж ён тое і ўчыніў, то ўмоўны тэрмін дастатковы ў гэтай сытуацыі».
У тым, што справа Васьковіча вартая перагляду, перакананы праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:
«У дзеяньнях спадара Васьковіча нават калі й можна ўгледзець рысы крымінальнага злачынства, то прысуд адназначна палітычна матываваны. Вырак, які яму быў вынесены, абсалютна не адэкватны ўчыненаму. І той тэрмін, які гэты малады чалавек адбыў, мы лічым дастатковым, каб ён панёс пакараньне за свой учынак. Ён даўно меўся б быць на волі».
Разам зь Яўгенам Васьковічам у нападзе на бабруйскі КДБ удзельнічалі Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў. Яны віну прызналі й пакаяліся. На вырак гэта, аднак, не паўплывала. Усім тром далі па сем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах. Паводле выраку і заявы дзяржаўнага абвінаваўцы, дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынку КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж пашкоджаньні будынку ад дзьвюх бутэлек з «кактэйлем Молатава», якія хлопцы кінулі ў яго ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году, склалі 253 тысячы рублёў.