У Менску затрымалі і асудзілі Палажанку і Яроменка: Насце – 11 сутак, Уладзю – 12 (Абноўлена)

19 верасня 2011 16:20  |  Палітыка

Сёння, у дваццатую гадавіну прызнання герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сцяга дзяржаўнымі сімваламі Беларусі, у Менску былі затрыманыя і асуджаныя маладафронтаўцы і сябры БХД Наста Палажанка і Ўладзімір Яроменак. Як мяркуеццца, маладыя людзі меліся вывесіць у горадзе некалькі нацыянальных сцягоў. Суд Цэнтральнага раёна Менску асудзіў Насту да 11 сутак адміністрацыйнага арышту, а Ўладзя – да 12 сутак па абвінавачванні ў парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавага мерапрыемства.

 

Актывісты былі затрыманыя супрацоўнікамі Цэнтральнага РАЎСу, куды іх і завезлі пасля затрымання. Аб гэтым паплечнікам праз смс а палове на восьмую раніцы паспеў паведаміць Уладзь Яроменак. 

 

Актывістка Маладога Фронту Ганна Шаруба распавяла Радыё Рацыі:

 

– Сёння зранку Валодзя Яроменак паспеў паведаміць, што іх затрымалі. Натуральна, што ў тых умовах ён шмат чаго паведаміць не мог. Я даведалася толькі, што яго разам з Настай Палажанкай затрымалі і яны знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС. Яшчэ раней я ведала, што сёння планавалася вывесіць у Мінску некалькі сцягоў у гонар 20 гадавіны абвяшчэння бел-чырвона-белага сцяга дзяржаўным сімвалам Беларусі. Я мяркую, што падчас гэтых дзеянняў, калі яны спрабавалі вывесіць сцягі, іх затрымалі.

 

Як распавёў каля апоўдня ў сацыяльных сетках моладзевы актывіст Андрэй Кім, у апошняй смс Наста Палажанка паведаміла яму, што іх з Уладзем перавезлі з Цэнтральнага ў Ленінскі РАЎС і будуць судзіць у Доме правасуддзя на вул. Сямашкі. 

 

Каля 14 гадзінаў дня стала вядома, што Насту і Ўладзя прывезлі ў будынак суда, але а якой гадзіне й па якому артыкуле будуць іх судзіць, у канцылярыі суда паведаміць адмовіліся.

 

Паводле прэс-службы МФ, у 15.45 судом Цэнтральнага раёна Наста Палажанка была асуджана да 11 сутак адміністрацыйнага арышту, а Уладзімер Яроменак – да 12 сутак. Як паведамляе Радыё Рацыя, маладафронтаўцаў  абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавага мерапрыемства ч.3. арт. 23.34 КаАП РБ. Суддзя Наталля Вайцэховіч. 

 

 

Наста Палажанка была асуджаная за падзеі 19 снежня на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 1 год. Уладзімер Яроменак за падзеі на Плошчы атрымаў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, але быў вызвалены 13 жніўня.

 

19 верасня 1991 года на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савету была прынятая новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацверджаныя дзяржаўныя сымбалі — герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг. Аднак ужо праз 4 гады, на рэферэндуме 1995 года, ініцыянаваным Аляксандрам Лукашэнкам, гістарычныя сымбалі вольнай і незалежнай Беларусі былі пазбаўленыя статусу дзяржаўных і трапілі пад негалосную забарону, пад якой знаходзяцца да сённяшняга дня.

 

 

Паводле сайту Маладога фронту, Радыё Рацыіі іншых крыніцаў інфармацыі

Болей навін