Віталь Рымашэўскі: ўсяму, што сказаў Кобец, можна цалкам давяраць
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі прывітаў учынак Уладзіміра Кобеца, які распавёў пра ўмовы свайго знаходжання ў СІЗА КДБ і пра тое, што яго прымусілі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве.
“Я вітаю ўчынак Уладзіміра Кобеца. Я лічу, што ўсяму, што ён сказаў, можна цалкам давяраць. Раней у мяне складвалася ўражанне, што падчас знаходжання Уладзіміра ў Беларусі, ён шмат чаго не дагаворваў. Вельмі важнай з’яўляецца яго інфармацыя аб удзеле спецслужбаў у выбарчай кампаніі. Падаецца, што з-за адсутнасці інфармацыі, Уладзімір Кобец агучыў не ўсе рэчы. Я думаю, што з цягам часу яны будуць агучаны”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
“Тое, што мяне вызвалілі раней, не значыць, што да мяне ставіліся іначай, чым да іншых. Так, мяне не падвяргалі катаванням, не выводзілі распранутым на расцяжку, але, магчыма, што гэта звязана з тым, што я вельмі дрэнна адчуваў сябе пасля траўмы галавы, якую я атрымаў на Плошчы. Я і без катаванняў некалькі разоў траціў прытомнасць у СІЗА”, – паведаміў ён.
“Я паўтараю, што не падпісваў ніякага пагаднення аб супрацоўніцтвы з КДБ. Я адразу распавёў пра ўмовы свайго вызвалення ў прэсе, хаця і атрымаў за гэта вельмі шмат крытыкі ў свой бок ў СМІ. Але я рабіў гэта свядома, каб не быць залежным ад спецслужбаў. Мне вядома, што многія з тых, каго вызвалілі з СІЗА КДБ, не агучваюць умоваў свайго вызвалення і знаходжання там”, – адзначыў сустаршыня БХД.
“Па маім глыбокім перакананні, усе палітычныя лідэры, рэдактары незалежных выданняў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія выступалі і выступаюць за аказанне фінансавай дапамогі рэжыму без вызвалення палітвязняў, працавалі і працягваюць працаваць на уладу”, – падкрэсліў ён.
“Заклікаю і іншых браць прыклад з учынка Уладзіміра”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.