БХД збіраецца адрадзіць Рады народных дэпутатаў
Беларуская хрысціянская дэмакратыя мае намер адрадзіць па ўсёй краіне Рады народных дэпутатаў. Актывісты, якія паводле афіцыйных вынікаў не ўвайшлі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, самастойна зоймуцца мясцовымі праблемамі ў беларускіх рэгіёнах.
Паводле задумы, Рада народных дэпутатаў стане альтэрнатывай мясцовым саветам, з нараканнямі на якія больш за ўсё звяртаюцца людзі да прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый.
Пра гэта заявіў на прэсавай канферэнцыі БХД ў Менску адказны сакратар аргкамітэту партыі Дзяніс Садоўскі:
“Гэта тыя людзі, якія раней балатаваліся на мясцовых выбарах, былі кандыдатамі ў дэпутаты, тыя людзі, якія з’яўляюцца лідарамі сваіх лакальных супольнасцей. Папярэдняя кампанія паказала, што вельмі эфектыўна праводзіць такія акцыі. 80% усіх тых акцый, якія праводзіліся, а гэта збор подпісаў, розныя лакальныя праблемы, былі паспяховыя. Гэта значыць, што мы можам нават цяпер дабівацца лакальных перамог, важных для тых людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, таму на бліжэйшыя паўгода кампанія “Рада народных дэпутатаў” будзе асновай кампаніяў партыі БХД.”
Нагадаем, што ідэя стварэння Рады народных дэпутатаў узнікла ў партыйцаў у красавіку мінулага года пасля выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Тады з амаль тысячы кандыдатаў ад розных дэмакратычных партый дэпутатамі былі названыя толькі дзевяць прадстаўнікоў апазіцыі, пасля чаго мясцовыя лідары прынялі рашэнне працягваць сваю дзейнасць і без дэпутацкіх мандатаў, стварыўшы адмысловую раду.