Рымашэўскі: Заклікаем спыніць рэпрэсіі супраць Васьковіча

20 верасня 2011 13:45  |  БХД

Кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі патрабуе вызвалення Яўгена Васьковіча і прызнання яго рэпрэсаваным па палітычных матывах. Сустаршыня БХД і былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Віталь Рымашэўскі заклікае неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць актывіста ў Магілёўскай калоніі.

 

Актывіст аргкамітэту БХД Яўген Васьковіч за шкоду ў 250 тысяч беларускіх рублёў быў асуджаны на 7 год калоніі строгага рэжыму, а цяпер можа патрапіць пад яшчэ адну крымінальную справу ўжо ў самой турме. Увесну Яўгена абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, цяпер жа – спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за патрабаванне дазволіць карыстацца за кратамі Бібліяй.

На сённяшняй прэсавай канферэнцыі Віталь Рымашэўскі заявіў:

“Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы ўключыць у спіс рэпрэсаваных па палітычных матывах Яўгена Васьковіча і іншых людзей, таму што лічым іх пакаранне занадта жорсткім. Яўген Васьковіч нанёс матэрыяльную шкоду на 250 тысячаў у выніку свайго хуліганскага ўчынка, які мы асуджаем. Ён атрымаў за гэта 7 год. У Беларусі для іншых няма прэцэдэнтаў, каб пакаранне было настолькі строгім. Мы лічым, што гэтыя людзі ўжо адбылі пакаранне, нават з лішкам.”

Разам з Яўгенам Васьковічам па так званай справе анархістаў былі асуджаныя Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў. Па словах родных зняволеных, многім з іх адміністрацыі калоній прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Аднак актывісты ў знак сваёй нязгоды з прысудамі гэта рабіць адмовіліся.

Разам з тым многія праваабарончыя арганізацыі, у прыватнасці Беларускі Хельсінскі камітэт, да гэтага часу не лічаць справу анархістаў палітычнай.

Болей навін