Цянюту далі 10 сутак, Такарэнку – 10 базавых велічынь
Прусуд вынес судзьдзя Ільля Сьвірыдаў па артыкуле 23.34 адміністрацыйнага кодэксу. Па словах судзьдзі, прысуд Андрусю Цянюце вынесены з улікам таго, што маладафронтавец ужо прыцягваўся на працягу году па гэтым артыкуле.
Васіль Такарэнка, затрыманы 20 верасьня разам з Андрусём, атрымаў 350 тысячаў штрафу (10 базавых велічыняў).
У судзе супраць затрыманых сьведчылі міліцыянты Ючко й Герашчанка. Падчас суду Андрусь запытаў сьведку з боку міліцыі, ці ведае ён закон Рэспублікі Беларусь аб народных сходах. Міліцыянт шчыра прызнаўся, што ня ведае. Адказ супрацоўніка ворганаў нават зацікавіў судзьдзю — Ільля Сьвірыдаў пацікавіўся ў недасьведчанага міліцыянта, чаму той ня ведае закон РБ аб народных сходах. Міліцыянт на заўвагу судзьдзі адказаў, што ня ведае, чаму.
20 верасьня вечарам у Гомелі затрымалі Андруся Цянюту і Васіля Такарэнку, якія распаўсюджвалі ўлёткі з паведамленьнем аб Народным сходзе.