Суддзя адмовіў Жукаўцу ва ўсіх хадайніцтвах і пакараў яго штрафам у 500 даляраў
У Беластоку закончылася чарговае паседжанне па справе беларускага палітычнага ўцекача, сябра БХД Андрэя Жукаўца. Суддзя Чэсны Шыманскі ў чарговы раз адмовіў Жукаўцу ва ўсіх яго хадайніцтвах. А за чарговую просьбу змяніць пракурора ў сваёй справе Жукавец атрымаў штраф памерам 1500 злотых, што складае амаль 500 даляраў ЗША.
Дзіўным, па словах беларускага ўцекача, для яго быў і той факт, што яго хадайніцтва аб змене суддзі Шыманскага разглядаў сам Шыманскі, а гэта супярэчыць польскаму заканадаўству.
Жукавец таксама папрасіў выклікаць у суд Паўла Севярынца, але суддзя адмовіўся гэта рабіць.
Пры гэтым польскі суддзя не перадумаў ехаць у Беларусь з мэтай супрацоўніцтва з беларускімі суддзямі у справе азнаямлення са справай Жукаўца.
Не паўплывалі на гэтае рашэнне суддзі і сведчанні былога беларускага міліцыянера Андрэя Пыжыка аб фальсіфікацыях у Беларусі крымінальных справаў супраць актывістаў апазіцыі.
Перад пачаткам суда актывісты “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі” правялі акцыю ў падтрымку Жукаўца. Яны разгарнулі перад будынкам беластоцкага суда бел-чырвона-белыя сцягі і транспарант з надпісам “За нашу і вашу вольнасць” і скандавалі “Спыніце справу супраць Жукаўца” .
Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў “Малады фронт” і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з’ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Беларусь дамагаецца выдачы Жукаўца. У Польшчы суд над палітуцекачом цягнецца амаль 12 гадоў.
Два месяцы таму ўкраінскі Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў” выступіў са спецыяльнай заявай па справе Жукаўца, у якой запатрабаваў ад польскіх уладаў спыніць справу супраць беларускага патрыёта.