Тацяне Севярынец не дазволілі перадаць рэчы і прадукты Змітру Дашкевічу

23 верасня 2011 17:18  |  Палітыка

Сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і старшыня Маладога Фронту, палітзняволены Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў Віцебску транзітам. Пра гэта віцебскай абласной каардынатарцы БХД Тацяне Севярынец паведамілі ў СІЗА № 2, дзе знаходзіцца Зміцер Дашкевіч.

 

Даведаўшыся са СМІ, што лідар МФ знаходзіцца ў СІЗА № 2 Віцебска Тацяна Севярынец звярнулася ў дадзеную ўстанову, дзе ёй пацвердзілі факт знаходжання там Змітра Дашкевіча.

 

Каб падтрымаць і дапамагчы Змітру, Тацяна Севярынец набыла яму цёплай вопраткі і прадуктаў. Але пасля таго, як віцебская каардынатарка БХД аформіла ўсе неабходныя дакументы для перадачы палітвязню рэчаў і прадуктаў, ёй заявілі, што Змітра Дашкевіча ў СІЗА няма. У адказ Тацяна Севярынец паведаміла, што ведае аб знаходжанні вязня менавіта ў дадзенай установе. Тады ёй паведамілі, што перадачы не могуць прыняць, паколькі зняволеным, якія знаходзяцца ў СІЗА транзітам, забаронена перадаваць рэчы і прадукты.

 

Тое самае Тацяне Севярынец заявіў і начальнік СІЗА Міласціўцаў. Адмовіўшыся перадаць палітвязню нават “прывітанне”, ён разам з тым адзначыў: “Можаце быць упэўнены, ён не галадае”.  

 

“Улічваючы, што Зміцер знаходзіцца ў Віцебску транзітам, я думаю, што яго накіруюць кудысьці далей”, – лічыць Тацяна Севярынец.

Болей навін