Васьковіч: разам з Богам гатовы да ўсяго
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец атрымаў першы ліст ад зняволенага бабруйскага актывіста БХД, шчырага каталіка Яўгена Васьковіча. Ліст да Паўла Севярынца пазначаны нумарам 3 з 4.
У лісце Яўген Васьковіч паведамляе, што быў у карцары 6 разоў, правёўшы там у агуле 41 дзень “за Біблію і адмову ад маршыравання”. Актывіст піша, што пазнаёміўся з астатнімі палітвязнямі, якія ўтрымліваюцца ў адной калоніі з ім.
Яўген Васьковіч адзначыў, што яго даймае алергія, але разам з тым “настрой – лепей за ўсіх”. “Заўжды ўсміхаюся людзям, ад чаго з’яўляецца ўсмешка і на іхных тварах. Гэта вельмі прыемна”, – паведаміў актывіст.
Ён называе сябе злосным парушальнікам рэжыму: “яшчэ ў жніўні пазбаўлены пасылак, перадач і спаткання. Атаварка – 35 тысяч рублёў на месяц”.
Таксама Яўген Васьковіч цікавіцца справамі БХД, паведамляе, што чытае раман Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”. “Паболей нам такіх рыцараў, як Скшатускі і Падбіпятка, ды паболей бы такіх вайскаводцаў, як Вішнявецкі. Тады б Лукашэнка не пратрымаўся і пяці год”, – падкрэсліў ён.
Скончыў свой ліст актывіст наступнымі словамі: cum Domino ad omnia paratus (З Богам да ўсяго гатовы).
У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Пракурор даводзіла, што дзеянні падсудных маглі прывесці да знішчэння ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыццё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасці, і ён з годнасцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).
Напісаць ліст Яўгену Васьковічу можна па наступным адрасе: 213105 г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, папраўчая калонія № 15.