Дашкевіч сядзіць у адзіночцы: адвакат наведала яго ў Глыбоцкай калёніі

28 верасня 2011 15:18  |  Галоўныя навіны

Адвакатка Марына Кавалеўская наведала зьняволенага кіраўніка “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча ў Глыбоцкай калёніі. Яна паведаміла Ўладзімеру Палажанку, бацьку Насты Палажанкі, нявесты Зьмітра, што Дашкевіч сядзіць у адзіночнай камэры.

Дашкевіч заявіў адвакатцы, што ня мае прэтэнзіяў да адміністрацыі калёніі. Кавалеўская таксама паведаміла, што Дашкевіч пачуваецца нармальна, але стан яго здароўя вельмі слабы. Зьміцер пацьвердзіў словы былога кандыдата на прэзыдэнта, палітзьняволенага Андрэя Саньнікава пра пагрозы жыцьцю і яго, і самога Саньнікава.

 

Паводле  праваабаронцы Алены Танкачовай, адвакатка мяркуе, што ў сувязі зь пераводам Зьмітра ў Глыбоцкую калёнію ціск на яго будзе мінімізаваны:

«Сітуацыя такая: выйшла адвакат ад яго і сказала, што ён вельмі слабы фізічна і, натуральна, у такім некалькі падаўленым псіхалагічным стане. Але ў яе ёсьць адчуваньне, што ў сувязі зь пераводам, ціск на яго будзе, магчыма, мінімізаваны. Прынамсі, яна на гэта спадзяецца. Яна сказала, што ў параўнаньні зь сытуацыяй учорашняй і пазаўчорашняй, сёньня лепш. Адзіночная камера наогул гарантуе ахову ад таго, чаго мы больш за ўсё асьцерагаліся. Дадатковай негатыўнай інфармацыі няма. Гэта самая вялікая ў гэтай сытуацыі радасьць.»

Таксама Алена Танкачова, дадала, што аб пагрозе бясьпецы і, магчыма, жыцьцю Дашкевіча стала вядома зь некалькіх крыніцаў, аднак казаць пра іх яна не стала. Праваабаронца зьвярнулася да прадстаўнікоў дыпламатычных місіяў з просьбай на працягу сёньняшняга дня распачаць дзеяньні, каб патрапіць да Дашкевіча і даведацца адносна яго стану здароўя і ўмоваў знаходжаньня.

 

28 верасьня Ірына Халіп пераказала журналістам словы свайго мужа Андрэя Саньнікава. Халіп заявіла, што ў магілёўскім і віцебскім ізалятарах да Саньнікава падыходзілі вязьні і папярэджвалі, што ёсьць пагроза здароўю і жыцьцю яго самога і Зьмітра Дашкевіча. Саньнікаў і Дашкевіч сустракаліся 20 верасня ў віцебскім перасыльным пункце і ўтрымліваліся ў адной камэры.
Паводле інфармацыі, якую атрымала Халіп, Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў дрэнным стане: ён моцна схуднеў, але галадоўку, абвешчаную 13 верасьня, cпыніў. Андрэй Саньнікаў пакінуў яму свае прадукты харчаваньня.

 

Зьмітра Дашкевіча 27-га верасьня этапавалі ў Глыбоцкую калёнію (Віцебская вобласьць), якая лічыцца адным з самых суворых месцаў зьняволення ў Беларусі. 

 

26 верасьня бацька Насты Палажанкі Ўладзімер атрымаў ад Дашкевіча ліст, у якім той прасіў пра тэрміновую сустрэчу з адвакатам. Дашкевіч адправіў ліст з транзытнай камэры ў Магілёўскім СІЗА. 

 

Сама Наста Палажанка, нявеста і намесьніца Дашкевіча ў кіраўніцтве арганізацыі “Малады фронт”, адбывае цяпер 11 сутак арышту. 19 верасьня яе і былога палітвязьня Ўладзімера Яроменка затрымалі, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі.

 

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

 

***
Зьмітру Дашкевічу можна напісаць, каб падтрымаць яго, наступны адрас:

 

Выпраўленчая калонія №13,
211791, Віцебская вобласьць, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205
Дашкевічу Дзьмітрыю Вячаслававічу.

 

Можна таксама патэлефанаваць з гарадзкога тэлефона на нумар 166 і прадыктаваць тэкст тэлеграмы.

 

Паводле інфармацыі сайтаў Радыё “Свабода”, “Рацыя” і “Наша Ніва”

Болей навін