Сябры БХД распвялі АБСЕ аб расправах з беларускай апазіцыяй у Еўропе (відэа)

30 кастрычніка 2011 17:01  |  Палітыка

28 верасня прадстаўнікі Зьвязу за Дэмакратыю ў Беларусі (ЗДБ) выступілі на штогадовай канферэнцыі АБСЕ па правах чалавека, якая сабрала каля тысячы прадстаўнікоў урадаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці з 56 краін- удзельніц АБСЕ. У складзе дэлегацыі ЗДБ выступіў сябар Нацыянальнай Рады БХД Анатоль Міхнавец.

 

Актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распавёў удзельнікам канферэнцыі аб сітуацыі з яшчэ адным сябрам БХД, прадпрымальнікам Андрэем Жукаўцом, правы якога парушаюцца польскімі ўладамі. Ён адзначыў, што, “выкарыстоўваючы розныя метады, работнікі спецслужбаў Беларусі распраўляюцца з беларускай апазіцыяй і ў Еўропе”.

 

 

“Андрэй Жукавец – былы сябра «Маладога Фронту», прадпрымальнік, праваабаронца. За дапамогу беларускай апазіцыі супраць яго была сфабрыкаваная крымінальная справа. Андрэй быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў Польшчу. Справа Андрэя Жукаўца вельмі падобна да справы Алеся Бяляцкага, які сядзіць у турме, бо ўладамі Літвы і Польшчы была выдадзена інфармацыя аб фінансавай дапамозе міжнародных структур беларускім праваабаронцам”, – паведаміў актывіст.

 

“Справа Андрэя Жукаўца цягнецца ўжо 12 гадоў у Польшчы. З дапамогай сфабрыкаваных дакументаў і дзіўнай старанасці супрацоўнікаў суда і пракуратуры ў Беластоку, беларускі апазіцыянер пераследуецца ў Польшчы. Пасля скандалу ў рэгіянальнай прэсе Беластока, калі журналісты правялі расследаванне і выявілі больш за 600 фальсіфікацый ў дакументах справы, супраць перакладчыкаў была ўзбуджаная крымінальная справа. Фальсіфікацыі былі зробленыя перакладчыкамі, некаторыя з якіх з’яўляліся адначасова і работнікамі пракуратуры ў Беластоку”, – адзначыў Анатоль Міхнавец.

 

“Справа супраць перакладчыкаў была развалена, калі памянялася кіраўніцтва ў міністэрстве юстыцыі. Было вынесена дзіўнае рашэнне: апынулася, перакладчыкі былі проста стомлены, і менавіта таму яны на працягу 2 гадоў рабілі апіскі ў перакладах, змянялі прозвішчы ў дакументах, падстаўлялі неіснуючыя подпісы, мянялі назвы банкаў. Усе гэтыя дакументы засталіся ў справе, і на іх падставе беларускі апазіцыянер пераследуецца судом у Беластоку. На ўсе скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі, Андрэй Жукавец атрымлівае адпіскі аб незалежным судзе ў Беластоку. Нядаўна незалежны суд у Беластоку вынес рашэнне аб выездзе ў Беларусь, дзе з дапамогай міліцыі і пракуратуры Беларусі будуць дапытваць сведкаў. Як працуюць сілавыя структуры ў Беларусі – гэта, думаю, усім зразумела. У падтрымку Андрэя Жукаўца неаднаразова выступалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі. На жаль, у адказ мы атрымліваем толькі адпіскі”, – паведаміў актывіст.

 

Ён таксама заклікаў удзельнікаў канферэнцыі падтрымаць Андрэя Жукаўца.”Цяпер спадзяемся толькі на міжнародны рэзананс. У Польшчы, якая ў дадзены момант прэзідэнцтвуе ў Еўразвязе, судом у Беластоку парушаюцца як польскія законы, так і Еўрапейская канвенцыя правоў чалавека”, – падкрэсліў сябар нацыянальнай Рады БХД.

Болей навін