Зьмітру Шурхаю адмянілі апраўдальны прысуд
На паседжаньні абласнога суду ў Берасьці быў адменены апраўдальны прысуд каардынатару БХД Зьмітру Шурхаю, вынесены 2 верасьня Маскоўскім судом.
Інтарэсы начальніка Маскоўскага РАУС Берасьця Ігара Жыгалава, які абскарджваў гэты прысуд, прадстаўлялі міліцыянты Аляксей Сямёнаў і Віталь Панасюк.
Начальнік РАУС палічыў, што Маскоўскі суд не ацаніў паказаньняў сьведак-міліцыянтаў. У сваёй скарзе ён адзначыў, што блытаніна ў пратаколах і паказаньнях міліцыянтаў узьнікла з-за таго, што ў іх шмат працы і яны падчас суду маглі ўпусьціць некаторыя абставіны затрыманьня Зьмітра Шурхая.
Самога палітыка на судзе не было, бо ён цяпер за мяжой.
Судзьдзя абласнога суду Андрэй Лешчанка палічыў, што Маскоўскі суд Берасьця недастаткова дасьледаваў паказаньні сьведак-міліцыянтаў. Таму ранейшы апраўдальны вырак судзьдзя адмяніў і накіраваў справу на перагляд у Маскоўскі суд да іншага судзьдзі.
Рэгіянальнага каардынатара стваранай Партыі БХД Зьмітра Шурхая затрымалі і зьвінавацілі ў брыдкаслоўі 28 чэрвеня, напярэдадні маўклівай акцыі. Палітык быў асуджаны і адседзеў 7 сутак арышту. Аднак 21 ліпеня абласны суд скасаваў ранейшае рашэньне Маскоўскага суду й накіраваў справу на перагляд. 2 верасьня Маскоўскі суд перагледзеў гэтую справу й вынес Зьмітру Шурхаю апраўдальны вырак.