Віталь Рымашэўскі сустрэўся з Ангелай Мэркель

30 верасня 2011 09:09  |  Галоўныя навіны

 

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заклапочаная сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта яна заявіла на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і сваякамі палітвязьняў ў Варшаве. У сустрэчы ўзяў удзел сустрашыня БХД, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віталь Рымашэўскі і іншыя беларускія палітыкі.

 

 

Як адзначыў Віталь Рымашэўскі, сустрэча цягнулася 1,5 гадзіны замест заплянаваных 25 хвілін. Праходзіла яна ў нефармальнай абстаноўцы.

 

“Ангела Мэркель шчыра клапоціцца пра сытуацыю ў Беларусі, пра кожнага палітвязьня. Прычым ня проста як палітык, а як звычайны чалавек. Яна заангажаваная ў тое, што адбываецца ў Беларусі”, – адзначыў сустаршыня БХД.

 

“Канцлер падтрымала і вельмі станоўча ацаніла плян пакрокавай стабілізацыі ў Беларусі. Эўропа зараз думае пра новую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі. І важна, што гэтая стратэгія распрацаваная і прапанаваная намі – беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у тым ліку і Беларускай Хрысціянская Дэмакратыяй”, – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.

 

Ён нагадаў, што плян паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі складаецца з трох пунктаў. Першы – гэта вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў, другі – правядзеньне свабодных выбараў і ўсё, што з гэтым зьвязана (свабодны доступ да СМІ, рэгістрацыя партый і грамадзскіх аб’яднаньняў і гэтак далей), трэці – плян эканамічнай дапамогі і мадэрнізацыі Беларусі. “І гэтыя пункты павінны рэалізоўвацца менавіта ў такой пасьлядоўнасьці”, – адзначыў Рымашэўскі.

Болей навін