Наста Палажанка выйшла на волю (Фота)
Зраніцы 30 верасня з ІЧУ на Акрэсціна пасля паўтаратыднёвага адміністрацыйнага арышту выйшла на волю намесніца старшыні «Маладога Фронту», сябра аргкамітэту БХД Наста Палажанка. Ля сцен ізалятара яе сустрэлі каля 20 сяброў і паплечнікаў з бел-чырвона-белымі кветкамі і цукеркамі.
Высветлілася, што 11 сутак арышту дзяўчына правяла ў камеры без ацяплення. На ўсе скаргі актывісткі супрацоўнікі турмы на Акрэсціна адказвалі толькі пагрозамі пасадзіць яе ў карцэр.
Здзекі не скончыліся і ў дзень вызвалення. Паводле адміністрацыйнага пратаколу, на волю Наста павінна была выйсці а 9-й раніцы. Нягледзячы на гэта, яшчэ а 7-й супрацоўнікі міліцыі пасадзілі яе ў службовы аўтамабіль ды вывезлі ў адзін з раёнаў Менска, пакінуўшы без грошай і мабільнай сувязі. Нягледзячы на гэта, Наста здолела стэлефанавацца са сваім бацькам, які і сустрэў дачку, а пасля гэтага прывёз яе назад на Акрэсціна, да месца сустрэчы з паплечнікамі.
Цяпер, выйшаўшы з Акрэсціна, Наста Палажанка мае намер звярнуцца з усімі скаргамі на ўмовы ўтрымання ў адпаведныя органы і запатрабаваць расследавання, чаму 11 сутак яе трымалі ў неацяпляльнай камеры, а таксама адмаўлялі ў перадачы шэрагу рэчаў.
Палажанка распавяла таксама пра акалічнасці свайго затрымання 19 верасня ў часе вывешвання ў Менску бел-чырвона-белага сцягу. Высветлалася, што на месцы меркаванага вывешвання сцягу іх разам з актывістам «Маладога Фронту» Уладзімірам Яроменкам, ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Па словах Насты, толькі яны паспелі узняць сцяг, як былі схопленыя спецназаўцамі, якія і склалі на іх адміністрацыйныя пратаколы.
Адразу пасля арышту міліцыянты канфіскавалі ў актывісткі яе мабільны тэлефон, пасля чаго сябрам Насты пачалі прыходзіць дзіўныя паведамленні пра месца яе знаходжання. Аднак саму намесніцу старшыні «Маладога Фронту» якраз у гэты час судзілі ў Цэнтральным судзе Менску:
– На Кастрычніцкай быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Я знаходзілася на Кастрычніцкай плошчы дзеля таго, каб яго сфптаграфаваць. Літаральна Уладзь паспеў яго вывесіць, я сфатаграфавала яго і да мяне адразу пад’ехалі і забралі мяне. Пасля ў мяне забралі мабільны тэлефон. Як я ведаю, з майго нумара адпраўляліся паведамленні, нібыта мяне перавозяць кудысьці, што ў мяне суд будзе ў Доме правасуддзя. На самой справе я ўвесь час знаходзілася ў цэнтральным РАУС, яшчэ здзіўлялася, што на судзе нікога не было. Мяне прывезлі пад абед, асудзілі літаральна за 10 хвілін.
Самым бліжэйшым часам намесніца старшыні «Маладога Фронту» мае намер накіравацца ў папраўчую калонію ў Глыбокае, куды падчас яе арышту быў пераведзены лідар арганізацыі, яе жаніх Зміцер Дашкевіч.
Фота Радыё “Рацыя” і Радыё “Свабода”