Сябры БХД Андрусь Цянюта і Уладзь Яроменак на волі!
А 16-й гадзіне спадара Цянюту чакалі ля ізалятару часовага ўтрыманьня сябры й паплечнікі. Аднак яшчэ апоўдні ахоўнікі вывезьлі Андруся ў Чыгуначны РАУС, дзе ён тры з паловай гадзіны правёў у так званай «шклянцы» — маленькай камэры памерам 2 на 2 мэтры. «Відавочна, што міліцыянты не хацелі, каб мяне сустракалі сябры ля ізалятару, таму й адвезьлі ў Чыгуначны райаддзел. Прычым, сябрам сказалі, што мяне адправілі на гутарку ў Цэнтральны РАУС», – паведаміў спадар Цянюта.
Грамадзкага актывіста затрымалі 20 верасьня на вуліцы Юбілейнай. Андрусь разам з Васілём Такарэнкам раздаваў мінакам запрашэньні на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка. Затрымалі іх спэцназаўцы, адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, адтуль – у ізалятар, а 21 верасня – судзілі. Андруся Цянюту пакаралі 10-суткавым арыштам, абвінаваціўшы ў парушэньні закону пра масавыя мерапрыемствы. Васілю Такарэнку прысудзілі штраф у 350 тысяч.
У ізалятары Андрусь Цянюта абвясьціў галадоўку. Спажываў толькі ваду й сокі. Галадалі зь ім і арыштаваныя на 15 сутак грамадзкія актывісты Зьміцер Шаўчэнка й Кастусь Жукоўскі.
Цянюта: «Пасьля галадоўкі пачуваю сябе няблага. Цяпер задача выйсьці зь яе бяз шкоды для здароўя. Праз вакно маёй камэры я бачыў у дворыку на прагулцы Зьмітра Шаўчэнку. Мы зь ім перамаўляліся, ён трымаецца годна, ня траціць бадзёрасьці духу». Сёньня раніцай, па словах Цянюты, ён пачуў гучны вокліч Кастуся: «Жыве Беларусь!».
З Кастусём Жукоўскім, у якога зламаная нага, Андрусь ня бачыўся. Аднак у Чыгуначным РАУСе 21 верасьня, дзе пасьля суду Андрусь чакаў канвой у ізалятар, ён чуў, як Жукоўскі крычаў. «Такое ўражаньне, што яго зьбівалі, – лічыць Андрусь.
У сваю чаргу Уладзь Яроменак распавёў, што адбываць “суткі” у міжсэзонны пэрыяд ня соладка. Ды паводзіны супрацоўнікаў ізалятару ня лепшы ўзор ветлівасьці. “Мёрзнуў дванаццаць сутак; але выспаўся, начытаўся” — распавядае Уладзімер. Былы палітвязень кажа гэта з усьмешкаю, бадзёра, нібы вярнуўся з санаторыю.
“Амаль усе 12 дзён сядзелі ўдвох, быў толькі адзін сталы сукамэрнік, хоць у суседніх камэрах, судзячы па гукам, знаходзілася болей людзей,” — распавядае Уладзімер Яроменак.
Паводле пратаколу юнака мусілі вызваліць а 8:20 раніцы. Але як і ў пятніцу Насту Палажанку, зраніцы ў суботу маладафронтаўца адвезьлі падалей ад завулку Акрэсьціна. Ужо а 7:15 у двор ізалятару заехала міліцэйская машына. А палове восьмай яна выехала з двума міліцыянтамі й Уладзімерам Яроменкам, каторы толькі здолеў пагрукаць у шкло ды махаць рукою з вакна. Ён тлумачыў мянтам, што дабрацца зможа сваім ходам, але турэмшчыкі настойліва запхалі яго ў машыну.
Як распавёў Уладзімер Яроменак, 19 верасьня — У дзень сьцягу — ён вывесіў нацыянальны сьцяг на будынку ля галоўнай плошчы беларускай сталіцы. Некаторы час на літарах “Horizont”, каторыя добра бачны з Кастрычніцкай плошчы, вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Спусьціцца долу без прыгодаў маладафронтавец, на жаль, ня змог — “З даху заўважыў, што ў двары мяне ўжо чакаў “бобік”. Спрабаваў адыйсьці іншым шляхам, але марна.”
Маладафронтаўца абвінавацілі ў “парушэньні парадку правядзеньня й арганізацыі масавага мерапрыемства — ч.3. арт. 23.34 КаАП РБ. Што за масавае мерапрыемства з удзелам аднаго чалавеку на даху і якім чынам Уладзь парушыў парадак яго арганізацыі — застанецца загадкаю. І толькі беларускі суд і сьведкі зь ліку міліцыі могуць раскрыць гэтую таямніцу.