Міхнавец: партыя патрабуе рэформаў
Прэсавая служба Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі запыталася ў сябра Нацыянальнай Рады аргкамітэту, прадстаўніка БХД у Польшчы і кіраўніка Беларускай Нацыянальнай Памяці Анатоля Міхнаўца, што ён думае пра сёньняшні стан рэчаў у БХД, краіне і стасункі з Эўразьвязам.
– Анатоль, у 1990-я х гадах Вы былі адным з маладых лідараў беларускага нацыянальнага руху. Як і кіраўніцтва Маладога Фронту, што ініцыявала аднаўленьне БХД, Вы прыйшлі да хрысьціянскай дэмакратыі. Так склаўся лёс – ці гэта заканамернасьць?
– Мае бацькі беларусы, нарадзіўся ў Беларусі і для мяне было натуральна далучыцца да нацыянальнага руху. У часе маёй дзейнасьці, прыйшло разуменьне, што пабудаваць Беларускую дзяржаву магчыма толькі на нацыянальным, праўдзівым, справядлівым падмурку. Міжваеннае БХД было менавіта такім падмуркам. Прыкладу ўсе намаганьні, каб адроджаная БХД была годным гэтага імя і прывяла Беларускі Народ да годнага жыцьця.
– Анатоль, Вы практыкуючы праваслаўны. Што для Вас, верніка, вера?
– Мая вера – гэта той падмурак, які дае мне магчымаcьць быць лепшым, пазбаўляцца ад заганаў. Тое, што паказвае галоўнае і сапраўднае. Тое, што змяніла мяне ў лепшы бок.
– Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 года многія запомнілі Вас як моцнага аргнанізатара пікетаў і паездак, вытрыманага і грунтоўнага кіраўніка. Як, вы лічыце, можна надаць большага прафэсіяналізму, упарадкаваньня і эфэктыўнасці сёнбняшняй Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі?
– Перакананы, мы павінны зрабіць вялікія высновы з выбарчай кампаніі. Яна паказала рэальны стан рэчаў. Сумны стан. Партыя патрабуе рэформаў. Маю ідэі і прапановы, спадзяюся на іх рэалізацыю.
– Дзякуючы арганізаванай Вамі кампаніі салідарнасьці польскія ўлады адмовіліся выдаваць беларускаму рэжыму прадпрымальніка Андрэя Жукаўца. Як Вы мяркуеце, чаму ўдалося перамгчы ў гэтай гучнай палітычнай справе?
– У справе Андрэя Жукаўца перамога можа быць хуткай, калі будзе рэальная Беларуская Салідарнасьць. Нажаль, пакуль да гэтага далёка. Справа цягнецца 12 гадоў. Зьвяртаюся да ўсіх па дапамогу. Звароты да ўладаў Польшчы і Эўразьвязу, прысутнасьць на судах, вось тыя простыя рэчы які можа зрабіць кожны.
– Анатоль, Вы заснавальнік арганізацыі “Беларуская Нацыянальная Памяць”. Як і БХД, легендарная БНП (Беларуская Незалежніцкая Партыя) у 1930-1940-я змагалася і з камунізмам, і з фашызмам. Чым займаецца БНП зараз?
– Дасьледуем, шануем, прапагандуем. Вяртаем нацыянальную памяць.
– Для Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, заснаванай сьвятарамі на пачатку XX стагодзя, сёньня надзвычай важна наладзіць плённую супрацу з Царквой. Як Вы лічыце, што трэба зрабіць партыі для ўмацаваньня ідэй хрысьціянскай дэмакратыі ў царкоўным асяродзьдзі?
– Царква ведае пра БХД, ведае нашую праграму. Зараз чарга супрацы і рэальных справаў. Хай вернікі праз дзейнасьць БХД, убачаць, што ў XXI стагодзі хрысьціянін павінен быць актыўны ў грамадскім жыцьці.
– Анатоль, вы доўгі час прадстаўлялі БХД у Польшчы. Зараз Польшчы старшынюе ў Эўразвязе. Якое Ваша стаўленьне да аб’яднанай Эўропы? Што можа Эўропа зрабіць для Беларусі, і Беларусь для Эўропы?
– Для нас беларусаў, важна пазбавіцца ад ілюзіяў і марных спадзяваньняў. Праўдай ёсьць тое, што ў нас ёсьць сябры ў Эўропе, але Эўразьвяз гэта прагматычная і бюракратычная структура. Мы мусім будаваць Беларусь, а не спадзявацца на “падарункі” з Захаду. Мы ў Эўропе, зараз галоўная задача застацца Беларусьсю.
Анатоль Міхнавец нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Беларус. Праваслаўны. Сябра Нацыянальнай Рады БХД. Прадстаўнік БХД у Польшчы. Заснавальнік і кіраўнік арганізацыі “Беларуская Нацыянальная Памяць”. Міжнародны каардынатар “Зьвязу для Дэмакратыі ў Беларусі”.