Рымашэўскі: cістэма пажырае сама сябе
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі лічыць, што адстаўка Віктара Галаванава ніяк не паўплывае на сітуацыю з рэгістрацыяй партыі.
Віталь Рымашэўскі нагадаў, што БХД тройчы спрабавала зарэгістравацца ў Мінюсце ў той час, калі кіраўніком міністэрства быў Галаванаў. Усе тры спробы зарэгістравацца скончыліся безвынікова.
“Новы ўстаноўчы з’езд партыі БХД прызначаны на 19 снежня гэтага года. Мы не маем ніякіх ілюзій на конт таго, што наша партыя будзе зарэгістраваная ў выніку правядзення гэтага з’езду. Я лічу, што Галаванаў вырашаў не ўсё. Хоць гэты чалавек, на маю думку, парушаў заканадаўства Беларусі ў сферы рэгістрацыі палітычных партый “, – сказаў Рымашэўскі.
“Але не ён адзін вінаваты ў гэтых парушэннях, – працягнуў сустаршыня аргкамітэта. – Таксама ў гэтым вінаватыя і шараговыя супрацоўнікі Мінюста, якія афармлялі дакументы аб адмове ў рэгістрацыі партыі”.
Рымашэўскі адзначыў, што ніякіх асаблівых эмоцый у сувязі з адстаўкай Галаванава не адчувае. Такім чынам, на думку палітыка, “сістэма пажырае сама сябе”, паведамляе БелаПАН.