Аксёнаў: без палітыкі няма эканомікі
Прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі запыталася ў магілёўскага актывіста аргкамітэту БХД Алега Аксёнава, што ён думае пра сённяшні стан рэчаў у БХД, краіне і гэтак далей.
Што, як вы лічыце, БХД павінна прапанаваць беларускаму народу сёньня ў час вострага эканамічнага і палітычнага ціску?
Перадусім, БХД павінна прапанаваць адзінства, паколькі паасаобку вельмі складана змагацца з сістэмай. Я працую на прадпрыемстве, дзе напрацягу паловы года затрымліваюць заробкі. Апошні раз выплаты затрымалі на 10 дзён. Працоўным гэта не падабаецца, шмат хто ў размовах выказвае сваю незадаволенасць. Але, калі я прапанаваў сустрэцца з кіраўніцтвам прадпрыемствам, каб абмеркаваць праблему, сабралося толькі з дзесятак чалавек.Таму неабходна больш смеласці, больш еднасці. Улада сама нічога не прапануе, толькі чарговыя абяцанкі, якія скончваюцца нічым, якія ператвараюцца ў звычайную хлусню.
Як вы ставіцеся да Народнага сходу? Ці падтрымліваеце ўдзел БХД у акцыі 8 кастрычніка?
Я ведаю пра пытанні, якія плануецца вынесці на Народны сход. Яны з большага эканамічныя. Але, на маю думку, спачатку трэба вырашаць палітычныя пытанні, а пасля ўжо эканамічныя. Аднаго без іншага быць не можа. Гэтыя пытанні заўсёды ідуць у звязцы. У межах тых абмежванняў, якія накладвае дзяржава, без палітычных зменаў мы нічога не зможам вырашыць.
Разам з тым “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” прымае ўдзел у падрыхтоўцы сходу. Магілёўскі аргкамітэт БХД увайшоў у склад аргкамітэту па правядзенні Народнага сходу. Перадусім у дадзенай акцыі я бачу магчымасць камунікацыі з людзьмі, бо менавіта дзеля гэтага мы, палітычныя партыі, і існуем.
Ці лічыце вы неабходным для БХД далучыцца да маўклівых акцыяў штосераду?
Я прыхільна стаўлюся да такіх акцыяў хаця б таму, што яны паказваюць уладзе, якая ці не на кожным куце крычыць пра сваю ўсенародную падтрымку, пра тое, што народ з ёй, тое, што народ не з ёй, што вельмі шмат незадаволеных. Гэта вельмі добрае пачынанне, і чым больш будзе такіх пачынанняў, тым хутчэй мы дасягнем поспехаў.
Але я не думаю, што БХД павінна далучацца да правядзення маўклівых акцый пратэсту. Гэта больш фармат маладых. Удзел у такіх акцыях – гэта асабістая справа кожнага сябра БХД: калі камусьці гэтыя акцыі падабаюцца, няхай бярэ ў іх удзел, калі не падабаюцца – хай не бярэ. Разам з тым неабходна падтрымліваць тых, каго затрымліваюць падчас такіх акцый. Бо гэтыя затрыманні – самае сапраўднае злачынства, як з пункту гледжання закону, гэтак і маралі.