Дзяніс Садоўскі: без свабоды не будзе каўбасы (відэа)
“Галоўнае, што неабходна данесці да людзей падчас Народнага сходу, гэта тое, што без свабоды не будзе каўбасы. Гэта вельмі важна разумець, таму што без патрабавання свабодных выбараў, вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў немагчымая дэмакратыя” – такі пункт гледжання выказаў член аргкамітэта па арганізацыі Народнага сходу, адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка.
У сваю чаргу лідэр незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч падчас прэс-канферэнцыі паведаміў, што народныя сходы, якія плануюцца больш чым у 25 гарадах краіны, “пройдуць у любым выпадку”.
“Сходу адбудуцца. У адпаведнасці з тым заканадаўствам, якое сёння існуе. Папраўкі ў закон, якія будуць прынятыя, ўступяць у сілу пасля апублікавання. Так не бывае, што сёння прынялі – і заўтра яны ўжо дзейнічаюць. Што б яны ўчора не прынялі, закон зваротнай сілы не мае,” – заявіў Фядыніч, каментуючы законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, прыняты 3 кастрычніка Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях.
Сустаршыня аргкамітэта Народнага сходу Віктар Івашкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт па падрыхтоўцы акцыі уваходзяць каля 20 чалавек, “прычым кожны з іх забяспечвае сабе дублёра”. “Правесці сход будзе каму”, – сказаў Івашкевіч. “Мы таксама прадугледзелі магчымасць, калі раптам пляцоўка каля Бангалор будзе замініраваная ці там задаволіць нейкія святы БРСМ. Сквер вялікі”, – адзначыў Івашкевіч.
“У іншых гарадах мы таксама арыентавалі людзей: калі прыходзяць на месца збору і там сход па якіх-небудзь прычынах правесці немагчыма, то без усялякіх канфліктаў трэба адысці на іншую пляцоўку і там правесці. Само месца збору не тая вышыня, якую нам трэба ўзяць , каб узняць там сцяг перамогі”, – падкрэсліў Івашкевіч.
Нагадаем, у Мінску Народны сход плануецца правесці на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў афіцыйна дазволена. Арганізатары акцыі не сталі падаваць заяўку на правядзенне сходу, палічыўшы, што яго фармат гэтага не патрабуе. На Народным сходзе плануецца абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу уладам.