Зміцер Шурхай пасля вызвалення: 8-9 кастрычніка па ўсёй Беларусі міліцыя працуе ў надзвычайным становішчы
Каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Змітра Шурхая, якога ў 12:30 затрымалі ў Баранавічах, прыкладна а 17:00 выпусцілі на волю. “З размовы міліцыянтаў я даведаўся, што з раніцы 8 кастрычніка да раніцы 9-га міліцыя па ўсёй Беларусі будзе працаваць у надзвычайным становішчы”, – паведаміў ён.
Актывіст распавёў, што ёхаў электрацягніком з Берасця ў Менск. Паводле яго словаў, на першай чыгуначнай станцыі ў Баранавічах у цягнік зайшлі тры міліцыянты, два ў форме і адзін у цывільным, якія затрымалі яго ды знялі з цягніка на наступнай станцыі. Міліцыянты, якія былі ў форме, з’яўляліся маёрамі: адзін быў начальнікам лінейнага ўчастку, другі – начальнікам аддзелу аховы правапарадку транспартнай міліцыі станцыі Баранавічы.
“Мне заявілі, што падазравалі мяне ў парушэнні закону аб масавых мерапрыпрыемствах, аднак на вакзале ў пратаколе напісалі, што я брыдкасловіў ў момант праверкі дакументаў. Я гэтаму не здзівіўся, бо мяне не ў першы раз у гэтым вінавацяць. Я ім прапаноўваў, падумаць, што яны пішуць, паколькі адзін суд мяне ўжо апраўдаў за гэта”, – адзначыў Зміцер Шурхай.
Ён распавёў, што суд, у які накіравалі справу, адправіў яе на дапрацоўку. “Цалкам верагодна, што яе проста зачыняць”, – лічыць актывіст БХД.
“Я на 100% звязваю сваё затрыманне з Народным сходам, з яго падрыхтоўкай і правядзеннем. Народным сходам я асабліва не займаюся, не ўваходжу ў аргкамітэт, але ўлады відавочна баяцца мяне асабіста. Магчыма, што міліцынты думалі знайсці ў мяне нейкія ўлёткі, паперы,за што можна было б мяне пасадзіць на суткі, але, калі б я іх і вёз, то глупа везці іх з Берасця ў Менск”, – падкрэсліў Зміцер Шурхай.