Тацяна Севярынец: Народны сход у Віцебску быў паспяховым

08 кастрычніка 2011 18:42  |  Палітыка

Каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Віцебскай вобласці Тацяна Севярынец адзначыла, што, нягледзячы ні на што, Народны сход у Віцебску прайшоў паспяхова.

 

Тацяна Севярынец, якая была сакратаркай на Народным сходзе, распавяла, што ў акцыі, якая ў атачэнні міліцыянтаў цягнулася амаль 1,5 гадзіны, узяло ўдзел каля 150 чалавек, ніхто затрыманы не быў. “Ніхто з запрошаных на сход прадстаўнікоў уладаў не прыйшоў”, – паведаміла яна.

 

Удзельнікі сходу ўхвалілі мноства пытанняў “ад побытавах і сацыяльных да палітычных”. Сярод сацыяльна-эканамічных былі разгледжаныя пытанні ЖКГ, росту коштаў, адмены кантрактнай сістэмы, увядзення ў Віцебску бясплатнага праезду для студэнтаў і гэтак далей.

 

Таксама былі ўхвалены наступныя прапановы да ўладаў: спыніць дыскрымінацыю па палітычных матывах, вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў, зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай у краіне і вярнуць бел-чырвона-беламу сцягу і гербу “Пагоня” статус дзяржаўных.

 

“На наступным тыдні прапановы, прынятыя на Народным сходзе, будуць перададзеныя гарадскім уладам”, – адзначыла Тацяна Севярынец.

Болей навін