Разгляд справы Шыталя перанеслі на 17 кастрычніка, яго самога выпусцілі

10 кастрычніка 2011 12:06  |  Галоўныя навіны

Разгляд справы актывіста БХД Кастуся Шыталя, якога затрымалі 7 кастрычніка ля Мёраў, перанеслі на панядзелак, 17 кастрычніка. Самога актывіста да гэта часу адпусцілі.

 

Па словах Кастуся Шыталя, сведкамі на працэсе былі кіроўца Нішчанка, у аўтамабілі якога ён ехаў аўтаспынам, ды два супрацоўнікі мёрскай ДАІ: Маханькоў і Валеўка – па словах мясцовых жыхароў, добрыя знаёмыя кіроўцы. Сябра БХД вінавацяць у тым, што ён на просьбу пра’явіць дакументы пачаў злосна лаяцца.

 

“Калі я пачаў задаваць удакладняючыя пытанні, міліцыянты сталі блытацца ў паказаннях, а Валеўка нават увесь счырванеў. Суд адклалі, каб азнаёміцца з паказаннямі шаркаўшчынскіх супрацоўнікаў ДАІ”, – паведаміў Кастусь Шыталь.

 

“Мяне, відавочна, хацелі ізаляваць перад Народным сходам, што яны і зрабілі. Думаю, міліцыянты адсочвалі мае рухі, магчыма, сачылі за мной праз мабільную сувязь, бо, калі я нечакана з’ехаў з Шаркаўшчыны мяне пачалі пераследваць”, – паведаміў актывіст.

 

“Падазрую, што 17 кастрычніка мяне прызнаюць вінаватым і дадуць мне штраф”, – сказаў ён.

Болей навін