У сераду круглы стол па пытанні вызвалення палітвязняў
У сераду, 12 кастрычніка, з ініцыятывы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і “Гавары праўду!” адбудзецца круглы стол па пытанні вызвалення палітвязняў. Круглы стол распачнецца а 15-й гадзіне па адрасе Менск, Карла Маркса, 21, кватэра 21. Запрашаем да ўдзелу журналістаў.
Удзел у круглым стале возьмуць прадстаўнікі палітычных і грамадскіх арганізацый, праваабронцы, сваякі палітвязняў, перадусім фігурантаў “бабруйскай справы”: Яўгена Васьковіча, Паўла Сырамалотава і Арцёма Пракапенкі. Запрошаныя такасама адвакаты асуджаных.
З прычыны таго, што працэс над фігурантамі “бабруйскай справы” адбываўся адначасова са справамі за Плошчу, да таго ж не ў Менску, ён застаўся па-за шчыльнай увагай праваабаронцаў і грамадства. У ім дагэтуль застаўся шэраг пытанняў, якія патрабуюць асвятлення.
“Я лічу, што гэтыя прысуды з’яўляюцца палітычнымі. Хлопцы павінны быць вызвалены. Наш абавязак – патрабаваць іх вызвалення і быць салідарнымі з імі”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, што дэмакратычныя і праваабарончыя арганізацыі ўзгаднілі спіс палітзняволеных у Беларусі. Ён пабудаваны па формуле «11+3». Па 11 прозвішчах няма ніякіх рознагалоссяў. У іх лік уваходзяць Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч.
Трое — Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў і Арцём Пракапенка — асуджаны за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску. Адносна іх справы ёсць некаторыя разыходжанні па справе з-за недастатковай інфармацыі пра яе.