У прыёмнай Віцебскага гарвыканкаму адмовіліся прыняць рэзалюцыю Народнага сходу
Тацяну Севярынец і Валера Спаткая, якія прынесьлі пісьмовыя патрабаваньні ўдзельнікаў сходу да мясцовых уладаў, накіравалі ў агульны аддзел выканкаму. Але й там заявілі, што дакумэнт складзены “не па форме”.
“Калі запрашэньне на Народны сход было складзена “па форме”, то прадстаўнікі ўладаў на імпрэзе нават не паказаліся. Цяпер у іх прэтэнзіі, што рэзалюцыя “не па форме”… У агульным аддзеле працуюць са зваротамі грамадзянаў, зь іхнымі заявамі, а мы прынесьлі не заяву і не зварот, а рэзалюцыю з патрабаваньнямі. І па кожным з пастаўленых пытаньняў мы патрабуем пісьмовага адказу”, — апавяла каардынатар БХД па Віцебскай вобласці Тацяна Севярынец.
Урэшце чыноўнікі ўсе ж прынялі дакумэнт. Арганізатары Народнага сходу пакінулі свае адрасы, каб атрымаць адказ ад уладаў.
Спадарыня Севярынец падкрэсьліла, што пад рэзалюцыяй падпісаліся найбольш актыўныя ўдзельнікі сходу — 40 чалавек з прыкладна 300, якія не пабаяліся пазначыць свае імёны і прозьвішчы. Але гэтыя подпісы захоўваюцца разам з арыгіналам рэзалюцыі, і ў выканкам іх не панесьлі, каб ня ставіць людзей пад рызыку верагоднага ціску з боку дзяржаўных структур.
А праявы такога ціску ўжо ёсьць: 10 кастрычніка двое супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі да 22-гадовай удзельніцы сходу, якая прапанавала ўнесьці ў рэзалюцыю пункт пра бясплатны праезд для віцебскіх студэнтаў, якія такой ільготы ня маюць. Міліцыянты заявілі, што ведаюць пра ўдзел дзяўчыны ў флэшмобах, што зьнялі яе на відэа падчас Народнага сходу і што раяць ёй “зьнізіць грамадзкую актыўнасьць”.