Адбыўся круглы стол па пытанні далучэння фігурантаў “бабруйскай справы” да спісу палітвязняў – відэа

12 кастрычніка 2011 18:55  |  Галоўныя навіны

Магчымасць ўключэння асуджаных фігурантаў “бабрускай справы” у спіс палітвязняў Беларусі абмяркоўвалася ў Менску 12 кастрычніка на сустрэчы з удзелам палітыкаў, праваабаронцаў і сваякоў асуджаных.

Як раней паведамляў БелаПАН, 5 кастрычніка апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі ўзгаднілі спіс палітвязняў па формуле «11+3». Адносна 11 пералічаных у спісе няма рознагалоссяў. Гэта Мікалай Статкевіч, Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павал Севярынец, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч. Яшчэ трое – Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў і Арцём Пракапенка, асуджаныя за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску. Адносна іх паўсталі рознагалоссі з-за недастатковай інфармацыі аб іх крымінальнай справе.

Каментуючы БелаПАН вынікі сённяшняй сустрэчы, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак паведаміў, што «у асноўным гучалі эмоцыі, а патрэбна фактура – судовыя рашэнні, пастановы, скаргі».

“Мы папрасілі матэрыял, каб вывучыць справу дасканала, і потым рабіць па ёй высновы. Пакуль рабіць высновы рана”, – сказаў Гулак.

Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі паведаміў БелаПАН, што бацькі асуджаных гатовыя дапамагчы ў зборы неабходнага праваабаронцам матэрыялу, але ў іх ёсць праблемы з атрыманнем дакументаў з дзяржорганаў.

 

“На сённяшні дзень у Беларусі ёсць 14 чалавек, якія знаходзяцца за кратамі і за вызваленне якіх змагаюцца дэмакратычныя партыі і грамадскія актывісты, – нагадаў у інтэрв’ю БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі. – Мы просім Еўрапейскі саюз, дэмакратычныя краіны свету падтрымаць нас у гэтай барацьбе. Да трох фігурантаў так званага “бабруйскага справы” ёсць некаторыя пытанні ў вызначэнні злачыннасці прысуду, вынесенага ім. Гэты судовы працэс праходзіў у Бабруйску, праваабаронцы, на жаль, не маглі яго наведаць. І сёння неабходна вынесці для шырокай грамадскасці ўсе факты і абставіны аб гэтым працэсе. З гэтых хлопцаў робяць злачынцаў, хоць у гэтай краіне ўсе судовыя працэсы праходзяць з парушэннямі. Я ўпэўнены, што гэтыя маладыя людзі таксама палітвязні.

Сёння адбылася размова з іх сваякамі, мы знаёміліся з матэрыяламі прысуду, слухалі сведак, якія былі ў судзе. Мы дамовіліся, што праца над рэабілітацыяй гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак будзе працягвацца і ў бліжэйшыя пару тыдняў праваабаронцы зробяць сваё заключэнне “.

 

“Самае галоўнае ў тым, што гэта палітычная справа і што іх трэба вызваліць, і мы павінны быць салідарныя ў гэтым, павінны быць разам, — лічыць Віталь Рымашэўскі. — Калі мы будзем зараз гаварыць пра тое, мелі яны намер ці не, была гэта падрыхтаваная група ці не, калі будзем па літары закону разбіраць, то я баюся, што гэтым хлопцам па гэтай літары, грунтуючыся на іх жа паказаньнях, можна дабавіць тэрмін”.

 

Другая прычына таго, што пра бабруйскіх актывістаў забыліся, — тое, што іх бацькі да апошняга часу маўчалі, амаль не звярталіся ў прэсу і да праваабаронцаў. Маці Паўла Сырамолатава Галіна кажа, што іх запалохвала следства: “Мы падавалі ўсе скаргі, як і Пракапенкі, але сюды звяртацца баяліся. Бо нас папярэджвалі, што гэта можа кепска адбіцца на дзецях”.

Бацька Арцёма Пракапенкі кажа, што дзяржава сама зрабіла іх дзяцей палітвязнямі, сурова засудзіўшы іх за пратэстны ўчынак, які нанёс шкоду каля 30 даляраў. Анатоль Пракапенка: “Гэта ж дзеці яшчэ, ім па 19–20 гадоў.Так, у іх юнацкі максімалізм, свае погляды, якія яны выказалі не зусім прымальным спосабам… Мы будзем выкарыстоўваць усе даступныя мэтады для таго, каб вызваліць нашага сына. Дапаможа гэта ці не — паглядзім”.

 


Болей навін